Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей: «Часам у адносінах Беларусі і Расеі пачынаюць лічыць, хто каму вінен»


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Нягледзячы на «брацкія адносіны», спрэчкі і рознагалосьсі ў адносінах з Расеяй пэрыядычна ўзьнікаюць з-за «павярхоўнай бухгальтэрыі», заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у інтэрвію японскай тэлерадыёкампаніі NHK і заклікаў «не разглядаць гэтыя рэчы як трагічныя».

Стэнаграма інтэрвію апублікаваная 29 сьнежня на сайце МЗС.

Характарызуючы цяперашні стан беларуска-расейскага ўзаемадзеяньня, Макей адзначыў, што Беларусь і Расея маюць «цесныя адносіны ва ўсіх сфэрах і галінах», але гэта, «на жаль, не азначае, што паміж дружалюбнымі дзяржавамі не могуць узьнікаць спрэчкі і рознагалосьсі».

«Да нашага вялікага шкадаваньня, часам у нашых адносінах зьяўляюцца моманты, зьвязаныя, я б сказаў, з павярхоўнай штучнай бухгальтэрыяй, калі падлічваецца, хто і колькі паклаў на шалі ў той ці іншай сфэры супрацоўніцтва і хто каму вінен», — сказаў Макей.

Тым ня менш, Макей адзначыў, што «ня трэба разглядаць гэтыя рэчы як трагічныя», і падкрэсьліў што Беларусь мае намер «працягваць курс на далейшае паглыбленьне і разьвіцьцё адносінаў з Расейскай Фэдэрацыяй».

Пры гэтым ён яшчэ раз падкрэсьліў, што «Беларусь, як любая незалежная дзяржава, імкнецца праводзіць і праводзіць зьнешнюю палітыку, гандлёва-эканамічную палітыку зыходзячы з абсалютна ўласных нацыянальных інтарэсаў. Мы зыходзім у нашай палітыцы з таго, што неабходна нашай краіне, што важна для нашага народа».

Пра супрацоўніцтва з Кітаем: «Нельга залежаць ад аднаго напрамку, у крызісныя часы гэта можа быць небясьпечным»

Ацэньваючы адносіны з Кітаем, Уладзімер Макей адзначыў, што супрацоўніцтва з КНДР Беларусь пачала актыўна разьвіваць з пачатку 2000-х гадоў, «паколькі ў той час у нас былі пэўныя цяжкасьці ў нашых адносінах зЭўразьвязамам, пэрыядычна ўзьнікалі гандлёва-эканамічныя спрэчкі і з нашым бліжэйшым саюзьнікам — Расеяй».

«Нам удалося выбудаваць раўнапраўныя сяброўскія адносіны з гэтай дзяржавай. Кітай ніколі не прад’яўляў, не выказвае і не будзе выстаўляць якіх-небудзь палітычных ці іншых прэтэнзій, як гэта робяць некаторыя іншыя глябальныя гульцы», — падкрэсьліў міністар.

Ён адзначыў, што таваразварот Беларусі з Кітаем у апошнія гады складае каля 3,5 — 4 млрд. даляраў ЗША і. За дзесяць месяцаў бягучага году Беларусь паставіла толькі сельскагаспадарчай прадукцыі ў Кітай амаль на 60 млн далярраў, павялічыўшы пастаўкі ў параўнаньні з адпаведным пэрыядам мінулага году ў шэсьць разоў.

«Мы сёньня бачым, што нельга залежаць ад аднаго нейкага напрамку, таму што ў крызісныя фінансава-эканамічныя часы гэта можа быць небясьпечным», — сказаў Макей.

Ён сказаў, згодна з задачай, якую паставіў прэзыдэнт Беларусі, у бліжэйшыя гады экспарт Беларусі ў краіны постсавецкай прасторы, у краіны Эўразьвязу і на рынкі астатніх краін мусіць складаць па траціне, і «ўжо ёсьць пэўныя зрухі ў гэтым пляне, бо экспарт у Эўропу за дзесяць месяцаў 2018 году склаў дзесьці 31 працэнт, а ў Расею 38 адсоткаў.

«Мы ня лічым, што нехта з вайскова-палітычных гульцоў уяўляе прамую пагрозу для нашай бясьпекі»

Актыўнае разьвіцьцё вайсковага супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем Макей патлумачыў недастатковай гатоўнасьцю расейскіх партнэраў аказаць садзейнічаньне Менску ў стварэньні новых відаў узбраеньня.

«Мы пачалі разьвіваць больш актыўнае супрацоўніцтва з Кітаем у вайсковай сфэры ў сувязі з тым, што нашы расейскія партнэры не заўсёды былі гатовыя, скажам так, аказаць нам садзейнічаньне ў стварэньні нейкіх новых відаў зброі, неабходнай для гарантаваньня большай бясьпекі нашай дзяржавы», — сказаў Макей.

У прыватнасьці, ён пацьвердзіў, што Беларусь з дапамогай Кітая стварыла цяжкія дальнабойныя ракетныя комплексы «Палянэз». якія, «істотна ўмацавалі нашу ваенную бясьпеку». Пры гэтым міністар падкрэсьліў, што беларуска-кітайскае вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва «не накіравана супраць якіх-небудзь трэціх краін».

Ён таксама лічыць, што паміж стратэгічным партнэрствам Беларусі з Расеяй у вайсковай сфэры і разьвіцьці вайсковага супрацоўніцтва Менску з Пэкінам «ніякага канфлікту не ўзьнікае».

Адказваючы на пытаньне пра магчымасьць ваеннай пагрозы з боку Расеі з улікам ўмацаваньня бясьпекі з дапамогай «кітайскіх сяброў», Макей падкрэсьліў:

«Не. Сёньня мы ня лічым, што хто-небудзь з вайскова-палітычных гульцоў уяўляе прамую пагрозу для нашай бясьпекі».

Кіраўнік МЗС сказаў, што цяпер «складана сабе ўявіць, што нехта б адважыўся напасьці на Беларусь», але адзначыў, што «мы ня можам абыякава праходзіць міма фактаў, якія ляжаць на паверхні» і згадаў пра разьмяшчэньне базаў NATO «непасрэдна каля нашых межаў».

«Пэрспэктываў ва ўрэгуляваньні расейска-ўкраінскага канфлікту не назіраецца»

Адказваючы на пытаньне пра расейска-ўкраінскі канфлікт, Макей назваў яго «галоўнай пагрозай эўрапейскай рэгіянальнай бясьпецы» і сказаў, што «трэба неадкладна заняцца яго вырашэньнем».

«Я б не ўжываў такі выраз, што мы насьцярожана ставімся да дзеяньняў таго ці іншага боку. Не, мы кроўна зацікаўленыя ў тым, каб усе бакі праявілі шчырую зацікаўленасьць у вырашэньні і ўрэгуляваньні гэтага канфлікту.

Нікому ня трэба тут імкнуцца атрымаць нейкія палітычныя ці іншыя дывідэнды — ні да чаго добрага гэта не прывядзе. Мы стараемся ўнесьці сваю пасільную лепту ў вырашэньне гэтага канфлікту. На жаль, сытуацыя складваецца так, што пакуль пэрспэктываў у яго урэгуляваньні не назіраецца», — сказаў міністар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG