Войскі сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада 28 сьнежня ўвайшлі ў горад Манбідж на поўначы Сырыі, які доўгі час займалі курдзкія узброеныя фармаваньні.
У заяве сырыйскага камандаваньня падкрэсьліваецца, што войскі ўвайшлі ў горад і прылеглы рэгіён па дамоўленасьці з курдамі для «абароны грамадзян» ад ўварваньня з боку Турэччыны. Як паведамляецца, у горадзе узьняты сырыйскі сьцяг.
Раней камандаваньне курдзкіх сілаў самаабароны заявіла аб іх вывадзе з Манбіджу і афіцыйна запрасіла сырыйскіх вайскоўцаў увайсьці ў горад.
Манбідж — горад у правінцыі Алепа на захад ад Эўфрату. Некалькі гадоў яго займалі фармаваньні «ісламскай дзяржавы». У 2016 годзе яго вызвалілі курдзкія сілы пры падтрымцы міжнароднай кааліцыі на чале з ЗША. Турэччына неаднаразова заяўляла, што прысутнасьць курдзкіх атрадаў у Манбіджы зьяўляецца пагрозай яе бясьпецы, і пагражала заняць горад шляхам вайсковай апэрацыі.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп нядаўна абвясьціў аб намеры вывесьці ўсе амэрыканскія войскі з Сырыі. Паводле яго, разгром «ісламскай дзяржавы» на тэрыторыі краіны павінна завяршыць Турцыя. Прэзыдэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган заявіў пра гатоўнасьць правесьці сілавую апэрацыю на тэрыторыі Сырыі — як супраць «ісламскай дзяржавы», так і курдзкіх сілаў самаабароны. Камандаваньне курдзкіх сілаў, якія кантралююць паўночны ўсход Сырыі, у гэтай сытуацыі прыняло рашэньне перадаць Манбідж урадавым войскам.