У сьнежні «Арт Сядзібе» споўнілася 7 гадоў. Да народзінаў арганізацыі Аляксей Сапрыкін, Алесь Сьнег і Арцём Петрашкевіч зьнялі дакумэнтальны фільм «7 год культурніцкіх турбот».
Рэжысэр фільму і сябра «Арт Сядзібы» Аляксей Сапрыкін распавёў Свабодзе, што ідэя здымаць кіно зьявілася пару месяцаў таму.
«У нас заўжды робіцца так: прыйшла ідэя — зрабілі, выпусьцілі. Здымалі фільм тры тыдні і яшчэ два тыдні рабілі колеравую карэкцыю. Падчас здымкаў нам вельмі дапамагалі валянтэры. Мы хацелі зьвязаць усе чатыры пакаленьні „Арт-Сядзібы“ і паказаць, як простая ідэя можа ператварыцца ў культурніцкую зьяву», — кажа Аляксей Сапрыкін.
Героі фільма — Зьміцер Вайцюшкевіч, Андрэй Курэйчык, Яўген Змушка, Алесь Лютыч, Алесь-Францішак Мышкевіч і іншыя распавядаюць, што для іх «Арт Сядзіба». У фільме здымаюцца і заснавальнікі арганізацыі: Павал Белавус, Франак Вячорка, Зьміцер Афанасенка, Пётар Клюеў.
Цяпер «Арт Сядзіба» сфакусаваная на праекце «Беларускамоўныя» і #БНР101.