На сене, з салам і ў атачэньні беларускіх сьвіней — саркастычная навагодняя выстава мастака Алеся Сурава адкрылася ў горадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця 26 сьнежня.
На 18 драўляных дошках экспазыцыі — сьвіньні.
«Сьвіньні і такія, і такія, і гэтакія. Але на дошках іх усіх парэжуць», — кажа аўтар выставы Алесь Сураў.
Гэтая ідэя прыйшла да мастака некалькі гадоў таму. Асноўная праца ішла апошнія два месяцы, бо захацелася павесяліць гледачоў пад Новы год.
Мастак лічыць сьвіней неад’емнай часткай беларускай культуры. Беларусы і сьвіньні, на ягоную думку, мала чым адрозьніваюцца. У сьвіней самы высокі інтэлект пасьля чалавека. Праз прызму гэтых свойскіх жывёлаў ён стаў разглядаць чалавека і беларускае грамадзтва.
«Мне стала страшна. Спачатку маляваў сьвіней, потым сьвіней і людзей, пасьля людзей у выглядзе сьвіней. Задумаўся, а хто ёсьць хто ў нашым грамадзтве?» — кажа Сураў.
«У нас кажуць: „Ты сьвіньня“. На захадзе сьвіней даўно трымаюць замест сабак. Людзі ў нейкім сэнсе сьвіньні. Па-сьвінску адзін да аднаго ставяцца, абзываюць адно аднаго сьвіньнямі. А сьвіньні, можа, таксама на нас кажуць: „Ну ты і чалавек!“».
«Сёньня паглядзеў на натоўп на прыпынку. Усе — пэрсанажы маёй выставы», — упэўнены мастак.
Кажа, што ў яго атрымаліся замалёўкі з жыцьця беларусаў.
Пачыналася з побытавых гратэскных вобразаў, зь вясковага жыцьця, самагоншчыкаў, сьвінарэзаў.
«Сяляне добра навучыліся гнаць гарэлку з цукровых буракоў».
«Сюжэт зь беларускім мужыком, які ведае кожная замужняя жанчына».
«У гішпанскім мастацтве часта малявалі аголеных або апранутых жанчын. Іх называлі „маха“ па-гішпанску, што значыць „жанчына“. Усе мастакі ведаюць, што „маха аголеная“ — гэта Вэляскес, Гоя. А ў мяне — „Сьвінамаха, аўтапартрэт“».
«Дзяўчынка на шары — прыгожы вобраз Пабла Пікаса. У Беларусі яна будзе вось такая. Гэта зьдзек з нашых жанчын, якія ўсё жыцьцё хочуць быць дзевачкамі на шары, хоць ад іх ніхто гэтага не чакае. Яны павінны быць натуральнымі».
«Сем’ямі ідуць на гарадзкое сьвята. Парасяты яны там. Накідаюцца, накуляюцца... Але ў вышыванках, з айфонамі».
Потым у творчы працэс увайшлі расейска-беларускія прымаўкі, часта процілеглыя ў дзьвюх мовах: па-расейску «Гусь свинье не товарищ», а па-беларуску «Раўня, як сьвіньня да каня»; «В тихом омуте черти водятся», але «Ціхая сьвіньня глыбока рые».
Чытаючы слоўнік прымавак і прыказак, Сураў быў уражаны, наколькі беларускія варыянты цікавейшыя, шырэйшыя, глыбейшыя, з большым гумарам, а расейскія — дзябёлыя, якія ўбілі калісьці ў школе.
Потым ён зразумеў, што расейскай мова аб’ядноўвала народы, якія жывуць цяпер у Расейскай Фэдэрацыі. Адміністрацыя выбірала такую прымаўку і казала: «Гэта так гучыць і па-іншаму ніяк».
«У нас у розных рэгіёнах розныя прымаўкі. Мова жывая, узятая з жыцьця. У іх мова чыноўніцкая», — кажа мастак.
Пасьля пайшлі больш палітычныя сюжэты: 100 гадоў БССР, хакеіст, дэпутат з байкі Кандрата Крапівы.
«Набудавалі столькі лядовых палацаў, накупілі столькі замежных хакеістаў, а яны нічога ня выйграюць. Ну ці ня сьвіньні?»
«Каб ня сьвіньні, то мы б ня выжылі ў ліхалецьці, у савецкія часы. А так на сьвіньні ехалі і выжывалі».
«Беларусы едуць у Егіпет, дзе мясцовыя не ядуць сьвіней. Замест сьвіней там нашы турысты. Зь Беларусі, Расеі — яны бухаюць, п’юць, гуляюць. Уцёкі з Эгіпту — амаль біблейскі сюжэт. Стомленыя сонцам беларусы з напакаванымі рэчамі валізкамі бягуць з Эгіпту».
Назва выставы правакацыйная, з аднаго слова «Украінесала», якое большасьць чытачоў разумее, як «Украіне — сала». Алесь Сураў хацеў пагуляцца гэтым выразам, але ўрэшце меў на думцы «У краіне сала», то бок у Беларусі.
«Я не хачу аддаваць сала ўкраінцам. Якое ва Ўкраіне сала? Ва Ўкраіне гэта брэнд. А ў Беларусі сала дык сала. Тут заўсёды ціха гадавалі, ціха рэзалі, ціха елі сьвіней. Ня трэба нам аддаваць свой брэнд».
Мастак лічыць, што парася — вобраз ня кепскі і ня добры, а родны.
«Часам беларуса хочацца зарэзаць, абсмаліць і засмажыць. А часам хочацца пачухаць яго і даць яму варыва», — тлумачыць Алесь Сураў.