Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чачэнцаў, якія былі ў «турме для геяў», забілі стрэламі ў патыліцу


Жыхары Чачні Шота-Шаміль Акаеў і Аюб Ібрагімаў, якія знаходзіліся ў так званай «сакрэтнай турме для геяў» на тэрыторыі рэспублікі, былі забітыя 30 сакавіка 2017 года стрэламі ў патыліцу з блізкай адлегласьці, паведамляе расейская «Новая газета» са спасылкай на судова-мэдычную экспэртызу, атрыманую падчас праверкі Сьледчага камітэту Расеі.

З сабой у забітых не было ніякіх рэчаў. Пры гэтым паводле афіцыйнай вэрсіі Акаева і Ібрагімава застрэлілі нібыта пры спробе нападу на паліцыянтаў.

Праверку Сьледчы камітэт праводзіў па заяве жыхара Пермскага краю Максіма Лапунова, які пражываў у Чачні на працягу двух гадоў. У кастрычніку 2017 года ён быў затрыманы мясцовай паліцыяй і дастаўлены ва Упраўленьне крымінальнага вышуку МУС Чачні. Паводле яго словаў, яго незаконна трымалі ў склепе два тыдні і зьбівалі з прычыны ягонай гомасэксуальнасьці. Ад Лапунова патрабавалі, у тым ліку, выдаць чачэнцаў, зь якімі ён уступаў у блізкія адносіны. Ён здолеў выбрацца з турмы дзякуючы дапамозе сваякоў.

У заяве на імя кіраўніка Сьледчага камітэту Расеі Аляксандра Бастрыкіна Лапуноў даў падрабязныя апісаньні месца свайго зьняволеньня, а таксама супрацоўнікаў паліцыі, якія прысутнічалі там. Паводле яго, адначасова зь ім у склепе знаходзіліся дзесяткі затрыманых. Частка зь іх была там паводле аналягічных «гомасэксуальных» абвінавачваньняў, частка — па іншых фармальных падставах. Лапуноў таксама ўказаў, што бачыў у турме Акаева і Ібрагімава. Паводле заявы Лапунова, іх трымалі ў турме больш за 40 сутак, спрабуючы выбіць прызнаньне ў датычнасьці да забойства.

У выніку сьледчыя выявілі, што Акаеў і Ібрагімаў зьніклі 6 лютага 2017 году і былі забітыя праз паўтара месяца. Аднак адмовіліся распачынаць крымінальную справу ў сувязі з тым, што «абставіны, выкладзеныя ў заяве Лапунова, якія тычацца яго незаконнага затрыманьня, не атрымалі аб’ектыўнага пацьверджаньня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG