Крамы бязмытнага гандлю (Duty Free) атрымалі дазвол рэалізоўваць тавары ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» пры ўезьдзе ў Беларусь, а таксама арганізоўваць гандаль на бартах самалётаў беларускіх авіякампаній, якія ажыцьцяўляюць міжнародныя пасажырскія перавозкі.
Пра гэта сьведчыць прэзыдэнцкі ўказ ад 22 сьнежня № 490 «Аб мытным рэгуляваньні», паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі.
Раней адкрываць крамы Duty Free на ўезьдзе ў Беларусь дазволілі ў аўтадарожных пунктах пропуску.
Указ № 490 таксама павялічыў ліміт бязмытнага ўвозу тавараў у міжнародных паштовых адпраўленьнях у Беларусь: з 22 эўра і 10 кг да 200 эўра і 31 кг. Але ёсьць адна ўмова: гэта месячная норма ў сукупнасьці, а разавая норма аднаго адпраўленьня ня мусіць перавышаць 22 эўра і 10 кг.
Нормы ўказа ўступяць у дзеяньне празь 10 дзён пасьля апублікаваньня ўказу (на дадзены момант указ не апублікаваны).