Двух грамадзян Украіны затрымалі 20 сьнежня за спробу парушыць дзяржаўную мяжу Беларусі, піша Дзяржаўны памежны камітэт. Паводле зьнешніх прыкметаў, яны былі нападпітку.
Украінскія памежнікі паведамілі беларускім калегам, што невядомыя на аўтамабілі Nissan прарваліся праз пункт пропуску «Гарадзішча» і на вялікай хуткасьці памчаліся ў напрамку Беларусі.
Беларускія памежнікі пасьпелі кінуць на дарогу прыстасаваньне з шыпамі — і аўтамабіль з прабітымі коламі спыніўся за 50 мэтраў да пункту пропуску «Верхні Церабяжоў». У ім былі два жыхары Ровенскай вобласьці з прыкметамі алькагольнага апʼяненьня. Іх затрымалі.