Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату сёньня на пазачарговым сынодзе ўхваліла рашэньне аб звальненьні двух эпіскапаў, якія ўзялі ўдзел у аб’яднаўчым саборы 15 сьнежня па стварэньні адзінай памеснай царквы ва Ўкраіне.
«Сьвяты сынод звольніў ад кіраваньня эпархіяй і забараніў богаслужэньні Мітрапаліту Віньніцкаму і Барскаму Сімяону і таксама забараніў сьвятыя служэньні і зьняў з пасады вікарнага эпіскапа Кіеўскай мітраполіі Мітрапаліта Пераяслаў-Хмяльніцкага і Вішнеўскага Аляксандра. Таксама былі прынятыя адпаведныя пастановы да тых сьвятароў, якія прымалі ўдзел у саборы 15 сьнежня — сьвятароў і дыяканаў», — паведаміў кіраўнік справамі УПЦ МП Мітрапаліт Барыспальскі і Браварскі Антоні.
Паводле яго, сынод Маскоўскага патрыярхату таксама зьвярнуўся да сваіх вернікаў, каб паведаміць аб сваіх рашэньнях і падзякаваць за «стойкасьць эпіскапам, духавенству, манаству і вернікам».
У той жа час у прэсавай службе Віньніцкай эпархіі паведамілі, што мясцовая грамада і прыхаджане Сьвята-Праабражэнскага сабору УПЦ МП падтрымалі Мітрапаліта Віньніцкага і Барскага Сімяона і перайшлі пад юрысдыкцыю новай Праваслаўнай царквы Ўкраіны.
У Кіеве 15 сьнежня было абвешчана аб стварэньні Праваслаўнай царквы Ўкраіны. Яе ў сане Мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Ўкраіны ўзначаліў мітрапаліт Пераяслаўскі і Белацаркоўскі Эпіфаній (Сяргей Думенка).
У сваім першым звароце пасьля абраньня мітрапаліт Эпіфаній заклікаў усіх праваслаўных сьвятароў далучыцца да новастворанай адзінай памеснай царквы:
«Дзьверы нашай царквы адкрытыя для ўсіх. Заклікаем усіх да яднаньня і быць у прызнанай адзінай памеснай праваслаўнай царкве».
Што важна ведаць пра раскол праваслаўных цэркваў
Патрыярх Кірыл прыляцеў у Менск 13 кастрычніка, каб правесьці 15 кастрычніка сынод Расейскай праваслаўнай царквы. Па выніках сыноду РПЦ спыніла эўхарыстычную лучнасьць з Канстантынопалем.
- Вернікам РПЦ забаронена маліцца ў турэцкіх Стамбуле і Анталіі, грэцкіх Крыце, Родасе, астравах архіпэлягу Дадэканэс, а таксама ў манастырах на грэцкім Афоне.
- «Раскол» тычыцца і беларускіх вернікаў РПЦ. Але, як тлумачыла Свабодзе тэоляг Натальля Васілевіч, кожны вернік сам можа вырашыць, як ставіцца да рашэньня РПЦ.
- За адмову трымацца рашэньня Сыноду РПЦ духавенству пагражае звальненьне з пасады, часовая або пажыцьцёвая забарона служыць, пазбаўленьне сану і адлучэньне ад царквы.
- 13 кастрычніка ля сабора Сьвятога Духа патрыярха Кірыла сустракалі хлебам з сольлю, але ён прайшоў міма. Звычайныя вернікі глядзелі набажэнства на экране.
- Гэта скрытыкаваў у сваім фэйсбуку сьвятар менскага прыходу Аляксандар Шрамко. 16 кастрычніка сьвятара звольнілі зь менскай эпархіі за крытыку патрыярха.
- Кірыл заявіў, што Беларусь — асаблівая частка Русі, а Белай яе назвалі, мабыць, таму, што яна ніколі не падпадала «пад залежнасьць іншаземных і іншаверных урадаў». Што трэба разумець пад словам «Русь», герарх не патлумачыў.
- На фоне візыту расейскі дыякан Андрэй Кураеў заўважыў, што скасаваньне Канстантынопалем патрыяршай граматы 1686 году аб пераходзе Кіеўскай мітраполіі пад Маскву тычыцца як Украіны, так і Беларусі. Бо тады, у XVII ст., да Кіеўскай мітраполіі належала і беларуская тэрыторыя.