Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маеце ідэю фільма аб правах дзіцяці? Вам дапамогуць зьняць кіно і паказаць яго ў кінатэатрах


Рашэд Мустафа Сарвар, Паўл ван Оўствэйн і Канстанцін Варабей (зьлева направа) падчас прэсавай канфэрэнцыі 17 сьнежня
Рашэд Мустафа Сарвар, Паўл ван Оўствэйн і Канстанцін Варабей (зьлева направа) падчас прэсавай канфэрэнцыі 17 сьнежня

Булінг, гвалт і дыскрымінацыя ў дачыненьні дзяцей, правы дзяцей з інваліднасьцю — кінэматаграфісты, якія хочуць паказаць такія праблемы ў кароткамэтражным фільме, цяпер могуць атрымаць падтрымку ў Беларусі з праектам «Аб’ектыў_на: Правы дзіцяці».

  • Кіно — магутная пляцоўка, каб даносіць важныя для грамадзтва ідэі
  • Кінапраект «Аб’ектыў_на: Правы дзіцяці» стартаваў у Дзень беларускага кіно 17 сьнежня. Яго робіць Майстэрня сацыяльнага кіно пры падтрымцы UNICEF Беларусі і Амбасады Каралеўства Нідэрляндаў
  • Да 13 студзеня 2019 году можна падаць сцэнар на конкурс. Прымаюць любыя ідэі. У прыярытэце: булінг, гвалт да дзяцей, дыскрымінацыя і талерантнасьць, правы дзяцей з інваліднасьцю.
  • У канцы праекту будуць зробленыя 5 кароткамэтражных фільмаў, якія пакажуць у кінатэатрах па ўсёй Беларусі.

Праект «Аб’ектыў_на: Правы дзіцяці» стартаваў у Беларусі з ініцыятывы Майстэрні сацыяльнага кіно. Яго падтрымалі амбасада Каралеўства Нідэрляндаў і UNICEF Беларусі. У выніку будзе выраблены кінаальманах з 5 кароткамэтражных фільмаў, якія пакажуць у 18 беларускіх гарадах.

«Мы шчасьлівыя, што выбраная тэма правоў дзіцяці, бо гаварыць аб правах чалавека мы пачынаем з правоў дзіцяці», — казаў на прэсавай канфэрэнцыі 17 сьнежня Рашэд Мустафа Сарвар, прадстаўнік UNICEF Беларусі.

«Гэты праект аб’ядноўвае камэрцыйныя, некамэрцыйныя, міжнародныя арганізацыі і кінэматаграфістаў, — прадставіў праект дырэктар Майстэрні сацыяльнага кіно Андрэй Палупанаў. — Мы разьлічваем, што будуць створаныя цудоўныя фільмы, якія пакажуць, што беларускае кіно існуе і яно ўздымае важныя для грамадзтва праблемы».

Правы дзяцей з інваліднасьцю, булінг, дыскрымінацыя і талерантнасьць, гвалт у дачыненьні дзяцей, — такія тэмы для конкурсу сцэнароў назваў ключавымі кіраўнік праекту Канстанцін Варабей.

«Але гэта не закрыты сьпіс, — кажуць у Майстэрні, — Будзем прымаць усе кінапраекты, якія так ці інакш закранаюць тэму правоў дзіцяці. Перад намі стаіць задача натхніць кінэматаграфістаў і навучыць іх працаваць з гэтай тэмай».

«Беларусь шмат чаго зрабіла ў галіне правоў дзіцяці, — кажа Рашэд Мустафа Сарвар, прадстаўнік UNICEF Беларусі. — Але з праблемамі ў гэтай сфэры сутыкаюцца ў любой краіне».

«Трэба казаць пра гвалт у дачыненьні дзяцей, пра падлеткаў з рызыкоўнымі паводзінамі, пра тых дзяцей, якія знаходзяцца ў канфлікце з законам, — працягваў Рашэд Мустафа Сарвар. — Ёсьць шмат тэмаў, якія трэба данесьці да людзей. Знайдзіце пазытыўнага героя для кожнай зь іх, каб грамадзтва зразумела, што тыя, каго цяпер называюць „кепскімі“ хлопцамі і дзяўчатамі, такімі не зьяўляюцца. Выключаць такіх дзяцей з грамадзтва няправільна. Вярнуць іх у грамадзтва — вось вырашэньне праблемы».

«Кожны скажа, што мы любім сваіх дзяцей. Але любіць дзяцей — гэтага недастаткова. Трэба пра іх клапаціцца», — Рашэд Мустафа Сарвар.

«Кожны скажа, што мы любім сваіх дзяцей, — выводзіць Рашэд Мустафа Сарвар. — Але любіць дзяцей — гэтага недастаткова. Трэба пра іх клапаціцца».

«Аб’ектыў_на: Правы дзіцяці» падтрымала і амбасада Нідэрляндаў. «Гэты праект добра ўпісваецца ў прыярытэты нашай падтрымкі, бо мы падтрымліваем тэмы правоў чалавека, моладзі, падтрымліваем недзяржаўныя арганізацыі, — казаў на прэсавай канфэрэнцыі часовы павераны ў справах Каралеўства Нідэрляндаў у Беларусі Паўл ван Оўствэйн. — Для нас таксама важна, што гэта рэгіянальны праект. Ён будзе паказаны ў 18 гарадах Беларусі».

На думку ініцыятараў і іх партнэраў, кіно — магутная пляцоўка, каб даносіць важныя для грамадзтва тэмы да шырокай аўдыторыі.

Сам праект будзе рэалізаваны ў некалькі этапаў. З 17 па 20 сьнежня ў Менску адбываецца канфэрэнцыя для сцэнарыстаў і рэжысэраў. Штодня на працягу некалькі гадзінаў можна слухаць і камунікаваць зь вядомымі беларускімі кінэматаграфістамі, сярод іх сцэнарыст і рэжысэр Андрэй Курэйчык, сёлетняя пераможца кінафэстывалю «Лістапад» Мара Тамковіч, кінакрытык Ігар Сукманаў ды іншыя экспэрты. Уваход на канфэрэнцыю вольны пры папярэдняй рэгістрацыі.

Да 13 студзеня 2019 году прымаюцца заяўкі на конкурс сцэнароў. Падаць заяўку можа ня толькі дзейная кінэматаграфічная каманда, але і аўтар, які яшчэ ня мае каманды. 10 адабраных праектаў атрымаюць мэнтарскую падтрымку і будуць падрыхтаваныя да адкрытага пітчынгу. На наступны этап выйдуць 5 кінэматаграфічных праектаў, якім пасьля прадставяць тэхнічную дапамогу.

Прэмʼера 5 кароткамэтражных фільмаў, зробленых у межах праекту, адбудзецца 22 траўня. У беларускім кінапракаце фільмы прадставяць 60-хвілінным кінаальманахам, а ў Менску яго пакажуць у кінатэатрах «Сільвэрскрын».

Завершыцца праект у верасьні 2019 году трохдзённым онлайн-фэстывалем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG