Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтка Грузіі на інаўгурацыі нагадала пра сваіх продкаў, выгнаных у выніку «ўварваньня расейскай арміі»


У горадзе Тэлаві на ўсходзе Грузіі, на месцы царскай рэзыдэнцыі дому Багратыдаў, адбылася цырымонія інаўгурацыі пятага прэзыдэнта краіны Саламэ Зурабішвілі. Яна перамагла на выбарах у лістападзе ў выніку двух тураў галасаваньня.​

Выступаючы пасьля прысягі, прэзыдэнтка нагадала, што яна ёсьць нашчадкам грузінскіх эмігрантаў, выгнаных з Грузіі ў 1921 годзе ў выніку «уварваньня расейскай арміі». Зурабішвілі назвала цяперашнія дзеяньні Расеі ў самаабвешчаных рэспубліках Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі «акупацыяй» і заклікала да прымірэньня з «абхаскімі і асэтынскімі братамі». Галоўнымі прыярытэтамі сваёй палітыкі прэзыдэнтка назвала ўступленьне Грузіі ў NATO і Эўразьвяз.

З моманту прынясеньня прысягі новай прэзыдэнткай уступіла ў сілу новая канстытуцыя краіны. Згодна з дакумэнтам, грузінская дзяржава канчаткова трансфармуецца ў парлямэнцкую рэспубліку.

Адначасова з цырымоніяй інаўгурацыі, за некалькі кілямэтраў ад Тэлаві адбываліся сутычкі паміж паліцыяй і прыхільнікамі «Аб’яднанай апазыцыі». Апазыцыянэры спрабавалі прарвацца да месца інаўгурацыі, каб зладзіць мітынг пратэсту. Паліцыя перакрыла ўсе падыходы да гораду, і калёны дэманстрантаў не змаглі прарваць паліцэйскія кардоны. Паліцыя не ўжывала спэцсродкі, ніводзін удзельнік апазыцыйнага шэсьця не затрыманы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG