Цэнтар разьвіцьця эфэктыўнай камунікацыі «Жывая Бібліятэка» разам з дасьледчыцай Аксанай Шэлест праверылі шэраг публічных прастораў у Менску на даступнасьць і расказалі, якія зь іх найбольш прыязныя для розных груп.
Пра дасьледаваньне
Дасьледаваньне паказвае, ці маюць пляцоўкі базавыя ўмовы для людзей з інваліднасьцю (у прыватнасьці, для людзей на вазках і людзей са слабым зрокам), наведнікаў старэйшага ўзросту, бацькоў з малымі дзецьмі, трансгендэрных людзей, а таксама тых, хто прытрымліваецца экапрыязнага ладу жыццья. Дасьледаваньне праводзілася зь ліпеня па лістапад 2018 году. Для вывучэньня выбралі 15 прастораў.
Якія публічныя прасторы дасьледавалі
- Кавярня «Бітлджус»
- Бібліятэка імя Янкі Купалы
- Арт Сядзіба
- Прэс-клюб
- Культурны цэнтар «Корпус»
- «Другі паверх»
- ECLAB
- ПЭН-Цэнтар
- Кавярня «Грай»
- Музэй Азгура
- Цэнтар актыўнага даўгалецьця (былы адрас)
- Галерэя «Ў»
- Пакой 3/0/2
- ОК 16
- Imaguru
- Сталоўка XYZ (былы адрас)
- Галерэя TUT.by
- IBB
Людзі на інвалідных вазках
Для вазочнікаў ніводная з дасьледаваных прастораў у поўным сэнсе не зьяўляецца безбар’ернай. Асабліва былыя вытворчыя памяшканьні часьцей за ўсё маюць бар’еры, якія цяжка пераадолець.
Ніводзін пандус не адпавядае поўнаму набору патрабаваньняў, якія прад'яўляюцца ДАСТам. Прыбіральні, даступныя людзям на вазках, – даволі рэдкі выпадак. Аднак нават там, дзе яны абсталяваныя, заўжды ёсьць даволі істотныя парушэньні.
З абсьледаваных для людзей на інвалідных вазках найбольш даступныя тры прасторы: IBB, «Ок16» і галерэя «Ў».
Слабавідушчыя людзі
На думку дасьледчыкаў, менш за ўсё намаганьняў прыкладаецца, каб забясьпечыць даступнасьць для слабавідушчых людзей. Вельмі рэдка можна сустрэць кантрасныя палосы, афарбоўку ручак дзьвярэй у кантрасны колер і візуальнае афармленьне, якое дазваляе арыентавацца ў прасторы. Далёкі ад ідэальнага і стан лесьвіц, поручняў, агароджаў.
З абсьледаваных прастораў найбольш прыязныя для слабавідушчых людзей IBB, Бібліятэка імя Янкі Купалы і Цэнтар актыўнага даўгалецьця. Здавальняюча арганізаваная прастора галерэі TUT.by, а «Ок16» прыкладае прыкметныя намаганьні, каб павысіць даступнасьць для слабавідушчых людзей.
Бацькі з маленькімі дзецьмі
Для бацькоў з каляскамі даступнасьць менскіх прастораў такая ж невысокая, як і для тых, хто карыстаецца інваліднымі вазкамі. Гэта значыць, трапіць усярэдзіну яны змогуць, але наўрад ці там будзе камфортна.
Спавівальны столік ёсьць толькі ў адным зь пятнаццаці месцаў у жаночай прыбіральні. Асобных памяшканьняў для кармленьня дзіцяці няма нідзе, хоць некаторыя прасторы пры неабходнасьці могуць даць ізаляваны пакой. Дзіцячая зона ці пляцоўка ёсьць толькі ў дзьвюх зь пятнаццаці прастораў.
Для бацькоў зь дзецьмі найбольш прыязныя прасторы – культурны цэнтар «Корпус», «Ок16» і ПЭН-цэнтар. Асобна дадаюць бізнэс-клюб Imaguru, які цалкам прыязны для бацькоў зь дзецьмі старэйшага ўзросту, аднак для бацькоў з каляскай слаба даступны празь фізычныя барʼеры.
Людзі старэйшага ўзросту
У многіх прасторах няма праблемы знайсьці месца, каб прысесьці і адпачыць. Аднак сустракаюцца парадаксальныя выпадкі, калі такога месца няма там, дзе гэта найбольш лягічна (напрыклад, у галерэі або бібліятэцы, калі гэта не чытальная заля).
Для людзей старэйшага ўзросту з абсьледаваных прастораў найбольш прыязнымі апынуліся IBB, галерэя TUT.by і Цэнтар актыўнага даўгалецьця, хоць «Корпус», а таксама кавярні «Грай» і «Бітлджус» ня моцна саступаюць гэтым умоўным лідэрам.
ЛГБТК+
Гендэрна нэўтральныя прыбіральні – амаль адзінае патрабаваньне да прасторы для ЛГБТК+, таму пры абыходзе шукалі ў першую чаргу іх. Такія прыбіральні ёсьць у пяці зь пятнаццаці абсьледаваных прастораў.У некаторых прасторах ёсьць прыбіральні для агульнага карыстаньня, аднак яны пазначаюцца традыцыйна: піктаграмай з двума чалавечкамі. Гэта адсылае да наяўнасьці толькі двух гендэрных ідэнтычнасьцяў. Калі на прыбіральні замяніць маркер на гендэрна нэўтральны, то прасторы стануць цалкам даступныя для ЛГБТК+.
Сярод дасьледаваных прастораў найбольш прыязныя да ЛГБТК+ ПЭН-цэнтар, «Пакой 3/0/2» і «Арт Сядзіба».
Людзі з экапрыязным ладам жыцьця
Тэма экапрыязнасьці набірае абароты ў Беларусі, і гэта адлюстроўваецца на публічных прасторах. Парковак для ровараў становіцца больш – пяць з пятнаццаці прастораў маюць іх каля ўваходу.
У той жа час шмат ад якіх звыклых практык складана адмовіцца. Пасьля ўсіх інфакампаній аб шкодзе плястыку і адходаў толькі тры прасторы зь дзесяці не карыстаюцца аднаразовым посудам.
Разьдзельны збор сьмецьця таксама пакуль не агульны трэнд. Калі экалягічныя актывісты праводзяць мерапрыемствы, то мусяць самастойна клапаціцца пра сартаваньне сьмецьця.
«Зялёным» каштоўнасьцям найбольш прыязныя з абсьледаваных прастораў «Пакой 3/0/2», культурны цэнтар «Корпус», галерэя TUT.by і IBB. Аднак шэраг іншых прастораў (ПЭН-цэнтар, Цэнтар актыўнага даўгалецьця, кавярня «Бітлджус») таксама імкнуцца павысіць сваю экапрыязнасьць.
Поўную справаздачу з парадамі, як зрабіць прастору больш інклюзіўнай, можна знайсьці тут.