12 сьнежня суд Савецкага раёну Гомля аштрафаваў за абразу і арыштаваў на 14 сутак за дробнае хуліганства блогера Максіма Філіповіча.
«Максім ня верыў у справядлівы разгляд справы, таму і дома, і пасьля суду заявіў, што будзе галадаць увесь тэрмін», — паведаміла Свабодзе жонка блогера Юлія Філіповіч.
Паводле Юліі, Максім Філіповіч заступіўся ў краме за людзей, якім хаміў адзін з наведнікаў.
«Пачалася сварка. Максім уключыў стрым і выклікаў міліцыю. Але вінаватым застаўся сам», — сказала Юлія.
На судзе супраць Філіповіча сьведчылі касірка і ахоўнік крамы.
«Хоць касірка сама першая супакойвала неспакойнага наведніка, які і пачаў канфлікт», — адзначыла Юлія.
Гэтага наведніка суд таксама прызнаў вінаватым у абразе і дробным хуліганстве, але пакараў толькі штрафам.
Юлія Філіповіч лічыць арышт мужа «пачаткам палітычнай бакханаліі», якую анансаваў Аляксандар Лукашэнка.
13 сьнежня ў Навабеліцкім РАУС Гомля на Філіповіча меліся скласьці яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства. Гэтым разам справа тычыцца канфлікту блогера з ратавальнікамі падчас пажару, які ён здымаў на відэа.
Максім Філіповіч стаў папулярны на хвалі пратэстаў супраць «падатку на дармаедаў»: ён расказваў, што страціў працу без тлумачэньня прычынаў, меў праблемы з пошукам новай, мусіў сплаціць збор за беспрацоўе. У сваім блогу ён спачатку распавядаў пра сваю сытуацыю і даваў парады іншым беспрацоўным, пазьней асьвятляў суд, на якім адстойваў свае правы, а затым пачаў публікаваць відэа з акцыяў пратэсту супраць «падатку на дармаедаў». Цяпер ягоны youtube-канал «Гарантий нет» мае больш за 30 тысяч падпісчыкаў.