StringersHub — беларуская кампанія, якая перадала расейскаму Першаму каналу відэа зь беларусам, які выдаваў сябе за ўкраінца. Гэта пацьвердзіла Радыё Свабода прэс-служба расейскага тэлеканалу.
Кампанія вядомая як пасьпяховы беларускі стартап, які летась трапіў у амэрыканскі аксэлератар Starta (Нью-Ёрк).
Што здарылася
Расейскі блогер Ільля Варламаў выявіў фэйк расейскай прапаганды ў дачыненьні да Ўкраіны, у якім узяў удзел і беларус.
21 лістапада, да пятай гадавіны Эўрамайдану на расейскім Першым канале выйшаў сюжэт пра жыцьцё Ўкраіны, у якім нібыта ўкраінец Кірыл Чубенка расказвае пра жахі, якія яму даводзіцца цярпець пасьля Майдану.
Аднак высьветлілася, што «Чубенку» сыграў мянчук Віталь Юрчанка. Знаёмыя Юрчанкі напісалі Варламаву ў сацсетках, што гэта сапраўды беларус, а не жыхар Крывога Рогу.
Расейскі Першы канал папрасіў прабачэньня за памылку ў сюжэце пра гадавіну «Майдана», патлумачыўшы яе нядобрасумленнай працай стрынгераў (пазаштатных журналістаў), якія перадалі ім запіс, паведаміла агенцтва ТАСС са спасылкай на прэс-службу тэлеканалу.
На Першым тэлеканале Свабодзе пацьвердзілі, што яны працавалі менавіта зь беларускай кампаніяй StringersHub.
У камэнтары Свабодзе намесьнік генэральнага дырэктара Першага каналу Кірыл Кляймёнаў паведаміў, што яны атрымалі выбачэньні ад самой кампаніі.
«Мы чакаем запісаныя на відэа дакладныя выбачэньні і перад каналам, і перад аўдыторыяй. Мы гэтую сытуацыю не адмаўляем і зробім усё, каб такіх эпізодаў наперад не было», — сказаў Кляймёнаў.
Беларус распавёў падрабязнасьці скандалу
У профілі фігуранта скандальнага відэароліка, беларуса Віталя Юрчанкі, на сайце LinkedIn раней было пазначана, што ён працуе бізнэс-аналітыкам на кампанію StringersHub. У профілі StringersHub на LinkedIn Віталь Юрчанка таксама значыцца ў сьпісе супрацоўнікаў.
У жывым эфіры Свабоды Юрчанка распавёў дэталі скандалу, але адмовіўся называць кампанію, у якой працаваў.
«Ад „Першага каналу“ прыйшла замова зьняць ва Ўкраіне сямʼю ці чалавека, якія пацярпелі ад таго, што ў іх няма ацяпленьня ці газу, ці гэта вельмі дорага, — сказаў Свабодзе Юрчанка. — Калі я адумаўся і вырашыў, што нельга так рабіць, сказаў, што нельга мне ў гэтым удзельнічаць, так паступаць і казаць. А яго на той момант ужо адправілі замоўцу і ў зваротны ход не маглі пусьціць».
Заснавальнік StringersHub: «Я ня быў у курсе»
У кампаніі StringersHub Свабодзе патлумачылі, што вытворчасьцю роліка, у якім беларус Віталь Юрчанка зьняўся ў якасьці расчараванага «эўрамайданам» украінца, займаўся прадусар на фрылансе (які супрацоўнічае з кампаніяй на пазаштатнай аснове. – РС.).
«Мы ад уласнага ўдзелу ў вытворчасьці здымак аддаляемся максымальна, каб такія кейсы не здараліся. Тут працаваў прадусар на фрылансе, – паведаміў Свабодзе праз сацыяльныя сеткі Якаў Бута, заснавальнік і дырэктар кампаніі StringersHub. – Інфармацыі сапраўды пакуль мала».
Па словах Буты, цяпер кампанія сканцэнтраваная на запуску онлайн-плятформы для стрынгераў, і пра фэйкавы ролік ён ня ведаў.
«Я ня быў у курсе», — адказаў Якаў Бута.
Ня першы скандал StringersHub
Заснавальнік кампаніі StringersHub — былы журналіст Белтэлерадыёкампаніі Якаў Бута.
Сёлета ў красавіку стала вядома, што беларуская кампанія супрацоўнічае з расейскім тэлеканалам НТВ. Тады зьявілася інфармацыя, што StringersHub узяў інтэрвію ў сястры тагачаснай народнай дэпутаткі Ўкраіны Надзеі Саўчанкі — Веры. Тая адмаўляла ў інтэрвію расейскім тэлеканалам, але пагадзілася на прапанову беларускай кампаніі.
Свабода высьветліла, што інтэрвію зь ёй запісвалася на замову кампаніі StringersHub — відэаагенцтва з офісам у Менску, якое займаецца вытворчасьцю відэакантэнту зь любых рэгіёнаў. Кіраўнік менскага офісу Аляксей Лапцёнак паведаміў, што размову зь Верай Саўчанкай запісвалі для польскай аўдыторыі на замову польскага прадусара.
Журналістка, якая выконвала замову, таксама пацьвердзіла, што працавала на беларускую кампанію StringersНub і замову атрымала менавіта зь Менску.
Раней у публікацыі на расейскім РБК паведамлялася пра супрацоўніцтва сэрвісу з тэлеканалам ТВЦ.
StringersHub рыхтуе відэаматэрыялы на замову разнастайных тэлеканалаў.
«Ганарары стрынгераў вар’іруюцца ад 20 да 1500 даляраў за здымку, у залежнасьці ад лякацыі і тэхнічнага заданьня... Месячная выручка сэрвісу пераваліла за 10 тысяч даляраў. Увесь прыбытак інвэстуем у разьвіцьцё», — распавядаў Якаў Бута парталу bel.biz у сакавіку.
Сам Бута, прадстаўляючы сэрвіс StringersHub, казаў, што мае базу ў 1500 стрынгераў з усяго сьвету. Сярод замоўцаў — мэдыйныя кампаніі з постсавецкай прасторы.
На пачатку году Бута казаў, што асноўная задача сэрвісу — «падрыхтаваць плятформу для працы на амэрыканскім рынку».
Хто такі Якаў Бута
Бута нарадзіўся ў Сьветлагорску, скончыў факультэт журналістыкі і Інстытут бізнэсу і мэнэджмэнту тэхналёгій БДУ. Больш за 6 гадоў адпрацаваў на тэлеканале «Беларусь-1». Быў эканамічным аглядальнікам, асьвятляў тэмы транспарту, інфраструктурныя праекты, сельскую гаспадарку, навіны менскага рэгіёну. Як журналіст Бута таксама вядомы па праекце «Знай нашых».
У 2012 годзе журналістка «Народнай газеты» пыталася ў Буты: «А некаторыя спэцыялісты сьцьвярджаюць, што чорны піяр ня можа пайсьці на карысьць?». «Я так не лічу», — адказаў Бута.
У 2011 годзе ў беларускіх гарадах адбываліся «маўклівыя пратэсты», калі беларусы выходзілі на цэнтральныя вуліцы і пляскалі ў ладкі. Чарговая акцыя была заплянаваная на Кастрычніцкай плошчы Менску, але тая аказалася занятая актывістамі БРСМ і агароджаная турнікетамі.
Карэспандэнт БТ Якаў Бута ў рэпартажы з Кастрычніцкай плошчы заявіў, што там сабраліся некалькі тысяч шчасьлівых студэнтаў. Хоць зь відэа бачна, што іх там значна меней. Пазьней Бута публічна прызнаўся ў сваім ВК, што гэта быў «фэйл».
«Так, хлопцы, вы маеце рацыю, гэта эпік фэйл, апраўдвацца ня буду, але абяцаю, што гэта больш не паўторыцца».
У Буты ёсьць іншы праект — камунікацыйнае агенцтва Like Media, заснаванае ім у 2013 годзе. Асноўны кірунак дзейнасьці — здымкі рэклямы на замову беларускіх тэлеканалаў.