Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На саміце ААН па зьмене клімату беларускі міністар хваліў Лукашэнку


Андрэй Худык
Андрэй Худык

З 2-га па 14 сьнежня адбываецца самая важная міжнародная канфэрэнцыя па пытаньнях зьмены клімату — COP. Сёлета яна праходзіць у польскім горадзе Катавіцэ. У сустрэчы прымаюць удзел прадстаўнікі 200 краінаў, у тым ліку і Беларусі.

Канфэрэнцыя праходзіць пад лёзунгам «Ад чорнага да зялёнага». Ён сымбалізуе пераход ад забруджваньня навакольнага асяродзьдзя да выкарыстаньня экалягічных, «зялёных» тэхналёгій, арыентаваных на абарону клімату.

Падчас абмеркаваньняў і сустрэч дэлегаты павінны напрацаваць «кнігу правілаў» па ўвядзеньні Парыскага кліматычнага пагадненьня — асноўнай міжнароднай дамовы па зьмяншэньні выкідаў парніковых газаў у атмасфэру.

12 сьнежня на канфэрэнцыі выступіў і міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэй Худык, гаворыцца на сайце міністэрства.

Андрэй Худык
Андрэй Худык

У сваім дакладзе беларускі міністар адзначыў, што асобныя дзяржавы ўжо перайшлі ад дэклярацый да канкрэтных дзеяньняў, узгадаўшы Беларусь.

«Дзякуючы збалянсаванай палітыцы прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі Беларусь першая ў сваім рэгіёне і 30-я ў сьвеце ў адпаведнасьці з Указам прэзыдэнта прыняла Парыскае пагадненьне. Мы пасьлядоўна адданыя ўстойліваму разьвіцьцю, якое немагчыма без вырашэньня праблем зьмены клімату», — сказаў міністар.

У адпаведнасьці з Парыскім пагадненьнем Беларусь без усялякіх умоваў узяла на сябе абавязацельствы забясьпечыць да 2030 года скарачэньне выкідаў парніковых газаў ня менш чым на 28% да ўзроўню 1990 года. Каля 61% выкідаў у Беларусі прыпадае на энэргетычны сэктар. Паводле Худыка, краіна павышае энэргаэфэктыўнасьць эканомікі, разьвівае аднаўляльныя і іншыя нізкавугляродныя крыніцы энэргіі.

Галоўнай мэтай саміту зьяўляецца прыняцьце поўнага пакету дакумэнтаў, які павінен увесьці ў жыцьцё Парыскае пагадненьне. Калі б гэта ўдалося, то дамова стала б першай у гісторыі міжнароднай дамовай, якая абавязвае ўсе краіны да дзеяньняў на карысьць затрыманьня глябальнага пацяпленьня і аховы клімату.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG