Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латышы езьдзяць у Беларусь бязь візаў у 10 разоў часьцей, чым беларусы ў Латвію


На мяжы Беларусі і Латвіі, ілюстрацыйнае фота
На мяжы Беларусі і Латвіі, ілюстрацыйнае фота

Статыстыка паказвае, што грамадзяне Латвіі больш актыўна, чым беларусы, карыстаюцца малым памежным рухам, які існуе паміж дзьвюма краінамі з 2012 году.

Чакаецца, што ў 2018 годзе больш за 10 тысяч грамадзян Латвіі, якія жывуць у 45-кілямэтровай зоне ад мяжы, наведаюць Беларусь па правілах малога памежнага руху.

У 2017 годзе такіх было 9880. Рух у зваротным кірунку ў 10 разоў меншы — тысяча беларусаў езьдзіла ў Латвію бязь візаў цягам 2017 году.

Даўгаўпілс (колішні Дзьвінск), цэнтар гораду напярэдадні Калядаў
Даўгаўпілс (колішні Дзьвінск), цэнтар гораду напярэдадні Калядаў

Гэтыя лічбы назваў 11 сьнежня на круглым стале «Беларускі турызм: тэндэнцыі і пэрспэктывы» намесьнік начальніка галоўнага консульскага ўпраўленьня Міністэрства замежных спраў Беларусі Аляксандар Ганевіч.

Дыспрапорцыю ён патлумачыў некалькімі прычынамі. Па-першае, зона памежнага руху з латвійскага боку шчыльней заселеная (у яе ўваходзіць горад Даўгаўпілс (Дзьвінск)). Па-другое, у ёй пражывае шмат людзей зь беларускімі каранямі, якія наведваюць магілы сваіх продкаў. Па-трэцяе, спрацоўваюць так званыя бытавыя прычыны — з Латвіі едуць на закупы (напрыклад, гарэлка ў Беларусі істотна таньнейшая).

Малы памежны рух паміж Беларусьсю і Латвіяй запрацаваў з 1 лютага 2012 году. Цягам таго году спрошчанай працэдурай перасячэньня дзяржаўнай мяжы скарысталіся 4 тысячы латышоў і 200 беларусаў. Як сьведчаць памежнікі абедзьвюх краін, мясцовыя жыхары амаль не парушаюць заканадаўства, каб не пазбавіцца права бязьвізавага перамяшчэньня.

Плюсы малога памежнага руху

Дазвол на перасячэньне мяжы выдаецца тэрмінам ад 1 да 5 гадоў.

Разгляд дакумэнтаў на дазвол каштуе 20 эўра.

На ўмовах узаемнасьці ад аплаты за дазвол могуць вызваляцца пэнсіянэры, інваліды і дзеці да 18 гадоў.

Малы памежны рух зь Літвой і Польшчай замарозілі ў Менску

Беларусь мае агульную дзяржаўную мяжу з трыма краінамі Эўразьвязу — Латвіяй, Літвой і Польшчай. Але пакуль малы памежны рух зь Беларусі дзейнічае толькі з Латвіяй. Хоць Літва і Польшча ўжо даўно правялі ўсе неабходныя працэдуры, каб аналягічныя дамовы ўступілі ў сілу, беларускі бок іх дагэтуль ня ўвёў у дзеяньне.

Беларускія ўлады раней спасылаліся на тое, што перад увядзеньнем малога памежнага руху трэба дасканала вывучыць досьвед бязьвізавага руху на беларуска-латвійскай мяжы. Пасьля зьявілася яшчэ адно тлумачэньне — маўляў, для ўвядзеньня малога памежнага руху зь Літвой і Польшчай яшчэ не падрыхтаваліся памежныя інфраструктуры.

У Вільні і Варшаве заяўляюць, што лёс малога памежнага руху залежыць ад беларускіх партнэраў.

Праз раку. Як жыве мястэчка, падзеленае паміж Беларусьсю і Латвіяй

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG