Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бабровіцкага стралка», які забіў міліцыянта, прызналі псыхічна хворым


На месца здарэньня прыехала некалькі дзясяткаў машын сілавікоў. 17 жніўня
На месца здарэньня прыехала некалькі дзясяткаў машын сілавікоў. 17 жніўня

Упраўленьне Сьледчага камітэту Берасьцейскай вобласьці завяршыла расьсьледаваньне справы аб забойстве ў Івацэвіцкім раёне міліцыянта і замаху на забойства яшчэ аднаго.

Як паведамілі ў Сьледчым камітэце, «комплекснай судовай псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызай было ўстаноўлена, што абвінавачаны пакутаваў у момант учыненьня інкрымінаваных яму дзеяньняў і пакутуе цяпер на псыхічнае расстройства».

Таму, паведамілі сьледчыя, канчатковае абвінавачаньне стралку не выстаўлялася. Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіраваньня ў суд, які мае разгледзець пытаньне аб прымяненьні да абвінавачанага прымусовых захадаў бясьпекі і лячэньня. Да таго меркавалася, што мужчыну можа пагражаць сьмяротнае пакараньне.

Сьледчы камітэт таксама абверг інфармацыю аб тым, што ў абвінавачанага з забітым міліцыянтам да здарэньня быў канфлікт.

«У пэрыяд расьсьледаваньня крымінальнай справы ў сродках масавай інфармацыі неаднаразова зьяўляліся розныя чуткі наконт браканьерства міліцыянта і быццам бы „цкаваньня“ абвінавачанага супрацоўнікамі. У ходзе расьсьледаваньня крымінальнай справы гэтая інфармацыя была правераная, аднак свайго аб’ектыўнага пацьверджаньня не знайшла», — паведамілі ў Сьледчым камітэце.

17 жніўня ў вёсцы Бабровічы Івацэвіцкага раёну мясцовы жыхар 1961 году нараджэньня страляў з ружжа па ўчастковым інспэктару міліцыі.

Паведамлялася, што міліцыянты прыйшлі да яго з плянавай праверкай умоваў захоўваньня зброі. У выніку адзін зь міліцыянтаў быў забіты на месцы, другі атрымаў раненьні.

Стралок быў зарэгістраваны паляўнічым і меў дазвол на нашэньне і захоўваньне паляўнічай зброі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG