Прэм'ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй, як і чакалася, адмяніла намечанае на 11 сьнежня галасаваньне ў брытанскім парлямэнце аб пагадненьні пра Brexit.
Зьвяртаючыся да парлямэнтарыяў, яна папярэдзіла: «Калі вы хочаце другога рэфэрэндуму, які зьмяніў бы вынікі першага, то гэта можа зноў раскалоць грамадзтва. Калі вы хочаце пакінуць ЭЗ без пагадненьня, то гэта неўзабаве нанясе шкоду нашай краіне».
Лідэр Лейбарысцкай партыі Джэрэмі Корбін, які выступіў на пасяджэньні, сказаў, што ўрад Мэй «страціў здольнасьць кіраваць і знаходзіцца ў разгубленасьці».
Само пагадненьне, якое павінна было стаць прадметам галасаваньня ў аўторак, Корбін ацаніў як «шкоднае для краіны і для брытанскай дэмакратыі». Калі прэм'ер-міністар ня здольны справіцца з пастаўленымі перад ім задачамі, ён павінен саступіць месца, падкрэсьліў лідэр парлямэнцкай апазыцыі.
На пытаньне аднаго з парлямэнтарыяў пра тэрміны галасаваньня аб пагадненьні Тэрэза Мэй адказала, што цяжка назваць такую дату. «Можна было б гаварыць пра 21 студзеня, як дазволена паводле закону, аднак дакладны адказ я змагу даць пасьля абмеркаваньня [сытуацыі] з эўрапейскімі партнэрамі ў Брусэлі».
Прадстаўніца Эўрапейскай камісіі адрэагавала на заяву: «Жан-Клод Юнкер, кіраўнік Эўрапейскай камісіі, раней называў дасягнутае пагадненьне адзіна магчымым і цяпер пацьвярджае гэтую сваю ацэнку».
Такім чынам, Брусэль паўтарыў, што абмеркаваньне пагадненьня скончанае.
Раней у панядзелак праціўнікі выхаду Брытаніі з ЭЗ віталі рашэньне Эўрапейскага суду ў тым, што Брытанія ў аднабаковым парадку можа адмовіцца ад Brexit. Яно мае на ўвазе, што кабінэт міністраў тэарэтычна можа адклікаць сваё абвяшчэньне аб выхадзе з ЭЗ да 29 сакавіка 2019 году безь якіх-небудзь складаных працэдур узгадненьня зь іншымі краінамі Эўразьвязу.