155 гадоў таму, 22 студзеня 1863 году, Цэнтральны нацыянальны камітэт у Варшаве пачаў паўстаньне супраць расейскага царызму. Празь 10 дзён да яго далучыліся паўстанцы Беларусі і Літвы пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Паўстаньне, якое мела на мэце адмену падзелаў Рэчы Паспалітай, было жорстка задушана ўладамі ў 1864 годзе. Аднак яно стала штуршком для разьвіцьця беларускай самасьвядомасьці і будучай дзяржаўнасьці.
Свабода прыгадвае мясьціны, дзе сёньня можна ўшанаваць памяць паўстанцаў Каліноўскага.
Капліца на месцы бітвы пры Мілавідах
На Берасьцейшчыне шмат мясьцінаў, зьвязаных з паўстаньнем 1863-1864 гадоў. Аднак нідзе ўшанаваньні паўстанцаў ня ладзяцца на афіцыйным узроўні. Толькі грамадзкасьць адведвае гэтыя помнікі.Найбольш шырока ўшаноўваюцца падзеі паўстаньня на Берасьцейшчыне на месцы адной з самых буйных бітваў — каля Мілавідаў сёньняшняга Баранавіцкага раёну. Тут пры дарозе на месцы бітвы збудавалі капліцу ў гонар паўстанцаў і паставілі валун.
З другога боку дарогі стаіць крыж-помнік у гонар палеглых тут расейскіх жаўнераў.
Пару гадоў таму актывісты паставілі яшчэ адзін валун — з рэльефам Кастуся Каліноўскага.
Штогод у дзень бітвы, 3 чэрвеня, тут ладзяць фэст. Улады ў ім ня ўдзельнічаюць, а часам і перашкаджаюць. Напрыклад, у 2013 годзе супрацоўнікі ДАІ ўшанаваньне спынілі, а на арганізатара Віктара Сырыцу склалі пратакол за несанкцыянаваную акцыю.
Як знайсьці: на мапе Google>>>
Крыж-помнік на магіле паўстанцаў каля Косава
Гранітны крыж на каталіцкіх могілках каля Косава паставілі ў 1927 годзе на магіле трох паўстанцаў. Вядомыя прозьвішчы двух зь іх: Красінскі і Лукашэвіч.
У савецкія часы крыж быў павалены. У 1990-х яго паставілі на ранейшае месца.
Да крыжа зрэдку прыяжджаюць актывісты. Даглядаюць яго мясцовыя каталікі.
Як знайсьці: на мапе Google>>>
Шыбельная гара ў Івацэвічах
Назва Шыбельнай гары пад Івацэвічамі — ад слова «шыбеніца». Тут расейскія карнікі распраўляліся з палоннымі паўстанцамі — вешалі іх на соснах. Пасьля паўстаньня мясцовыя людзі завялі традыцыю вешаць на тыя сосны абразкі. Як апавядаў мясцовы краязнавец Алесь Зайка, яшчэ ў 60-я гады ХХ стагодзьдзя тыя абразкі выглядалі з-пад кары дрэваў.
На пачатку 2000-х івацэвіцкія грэка-каталікі паставілі на пагорку драўляны крыж. Улады гэтае месца не ўшаноўваюць.
Як знайсьці: на мапе Google>>>
Помнік паўстанцам у Пагосьцішчы
Помнік у гонар паўстанцаў 1863 году зьявіўся ў вёсцы Пагосьцішча Лёзьненскага раёну з ініцыятывы мясцовай настаўніцы Алены Грачышнікавай у 2006 годзе. Але апякуюцца ім пераважна аршанцы, бо пастаўлены помнік у гонар апошняга бою паўстанцаў менавіта аршанскага атраду. Ён адбыўся 26 красавіка 1863 году.
Штогод аршанскія актывісты прыяжджаюць сюды 28 жніўня — у дзень расстрэлу камандзіра атраду Ігната Будзіловіча. Яны парадкуюць тэрыторыю вакол помніка, ладзяць імправізаваныя канцэрты.
Як знайсьці: на мапе Google>>>
Помнікі лідэрам паўстаньня ў Сьвіслачы
«Каліноўскага [ў Беларусі] шанавалі пры ўсіх уладах», — адзначыў неяк гісторык Андрэй Унучак. Аднак першы і адзіны пакуль у Беларусі помнік лідэру антырасейскага паўстаньня зьявіўся ў 1958 годзе ў Сьвіслачы, дзе Каліноўскі скончыў гімназію. Аўтар манумэнта — славуты беларускі скульптар Заір Азгур.
Цягам двух дзесяцігодзьдзяў незалежнасьці прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці з усёй краіны прыяжджаюць да помніка, каб ушанаваць памяць паўстанцаў. За што трапляюць пад перасьлед ад уладаў, атрымліваюць штрафы.
Як знайсьці: на мапе Google>>>
У Сьвіслачы ёсьць помнік і яшчэ аднаму лідэру паўстаньня 1863-1864 гадоў Рамуальду Траўгуту. Ён устаноўлены ў 1928 годзе і адноўлены ў 1989-м.
Як знайсьці: на мапе Google>>>
Крыж у гонар 150-годзьдзя паўстаньня на Астравеччыне
Побач зь вёскай Слабодка Астравецкага раёну на высокім пагорку ў 2013 годзе паставілі крыж з шэрага каменю ў выглядзе гіганцкага мяча, загнанага вастрыём у зямлю.
На крыжы выгравіраваны паўстанцкі пароль «Каго любіш?» на лацініцы і кірыліцы. Наверсе крыжа, на дзяржальне мяча, — выява «Пагоні».
Крыж паставілі ня ў гонар нейкай канкрэтнай бітвы, а як памятны знак усяму паўстаньню — трагічнай, але вельмі яркай падзеі.А меч — гэта стары сымбаль, які мае два прачытаньні. Калі ён узьняты — гэта кліч да барацьбы, дзеяньня. Калі ж ён уторкнуты ў зямлю — гэта сымбаль таго, што бітва скончаная, засталося падлічыць страты, пахаваць памерлых і памятаць пра іх.
Аўтар ідэі — краязнаўца Алесь Юркойць, фундатар — Мікіта Забуга, скульптар — Ігар Засімовіч.
Як знайсьці: на мапе Google>>>
Магіла паўстанца-студэнта ў Горках
24 красавіка 1863 году ў Горкі ўвайшоў атрад Людвіка Зьвяждоўскага, паплечніка Кастуся Каліноўскага. Было абвешчана, што ў мястэчку ўсталёўваецца народная ўлада. Паўстанцаў падтрымалі студэнты мясцовага земляробчага інстытуту (цяпер Сельскагаспадарчая акадэмія). У ваеннай сутычцы з расейскімі войскамі ў Горках і загінуў студэнт інстытуту Войцех Дамарацкі.
За савецкім часам у акадэмічным дэндрапарку на магіле Войцеха Дамарацкага паклалі мармуровую пліту як змагару з царызмам. Яна трэснула, і горацкія рупліўцы даўніны настаялі, каб улады замянілі яе. Паставілі абэліск з надпісам на расейскай мове.
Як знайсьці: на мапе Google>>>
Магіла паўстанца ў Менску
На цэнтральнай алеі Кальварыйскіх могілак, непадалёк ад касьцёла
(зьлева) можна знайсьці магілу Яна Баляслава Луцкевіча (15.05.1831–04.09.1895) — штабс-капітана расейскай арміі, удзельніка паўстаньня 1863–1864 гадоў, які цудам пазьбег рэпрэсій.
Бацька дзеячаў беларускага адраджэньня і ініцыятараў незалежнасьці Івана і Антона Луцкевічаў Ян Баляслаў быў адным зь першых прафэсійных беларускіх чыгуначнікаў. Сябраваў зь Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, які прысьвяціў яму верш «Заўтра Спаса, кажуць людзе».
Як знайсьці: на мапе Google>>>
Помнік паўстанцам пад аховай дзяржавы ў Плябані
На старых могілках вёскі Плябань у Маладэчанскім раёне пахаваныя кіраўнік паўстаньня на Маладэчаншчыне й Вілейшчыне Юльян Бакшанскі, а таксама ягоныя аднадумцы і памочнікі — Рафал Малішэўскі, Людвік Ямант, Леапольд Панькоўскі і пятнаццацігадовы гімназіст Сулістроўскі.
Яны загінулі падчас бою з царскімі войскамі 23 сакавіка 1863 году недзе ў раёне вёскі Сьвечкі.
Помнік на магіле паўстанцаў зьявіўся ў 1921 годзе, але доўгі час быў занядбаны, пакуль Зянон Пазьняк і Міхась Чарняўскі не адкрылі яго наноў у 1980-х ды не дамагліся ад уладаў устаноўкі новага.
Сёньня на камені адразу дзьве шыльды: афіцыйная з пазнакай, што магіла ёсьць аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны, і «грамадзянская»: «Тут пахаваныя паўстанцы — змагары за незалежнасьць і волю Беларусі і Літвы».
Як знайсьці: на мапе Google>>>
Месца бітвы ў Налібацкай пушчы
17 траўня 1863 году ва ўрочышчы Буды ў Налібацкай пушчы адбылася бітва паўстанцаў Каліноўскага з расейскімі салдатамі.
У атрад Янкі Каваля і ксяндза Фэліцыяна Лашкевіча ўваходзілі 65 чалавек. У пушчы да іх далучыліся каля 20 мясцовых памешчыкаў, шляхты. Атрад адважна змагаўся са значна большай групай расейцаў, але вымушаны быў адступіць пад Мілавіды.
Да Другой усясьветнай вайны ў Будах была лесьнічоўка і пастаянна жыла сямʼя лесьніка.
Урочышча месьціцца далёка ад вялікіх дарог, найбліжэйшы населены пункт — вёска Кляцішча. Трапіць туды няпроста, а звычайным транспартам — рызыкоўна.
Месца да гэтага часу ніяк не ўшанавана. Старая дуброва, рака побач, цішыня і слаўная мінуўшчына робяць з Будаў выдатнае месца для летняй вандроўкі з намётамі.
Як знайсьці: на мапе Google>>>