Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус, які выдаваў сябе за ўкраінца на расейскім ТВ: «Мне бясконца сорамна, гэта ганьба»


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Расейскі блогер Ільля Варламаў выявіў фэйк расейскай прапаганды ў дачыненьні Ўкраіны, у якім узяў удзел і беларус.

Да пятай гадавіны Эўрамайдану на расейскім Першым канале выйшаў сюжэт пра жыцьцё Ўкраіны, у якім нібыта ўкраінец Кірыл Чубенка расказвае пра жахі, якія яму даводзіцца цярпець пасьля Майдану.

«Нічога мне асабіста ня даў Эўрамайдан. Вось, паглядзіце, дзе мы апынуліся. Трэба было глядзець у будучыню, а мы ў будучыні засталіся безь цяпла, з дарагой энэргіяй, і незразумела, калі ўсё гэта скончыцца. Як перажыць зіму, як дзяцей адпраўляць у школу?!» — абураўся «Кірыл Чубенка».

Аднак высьветлілася, што «Чубенку» сыграў мянчук Віталь Юрчанка. Знаёмыя Юрчанкі напісалі Варламаву ў сацсетках, што гэта сапраўды беларус, а не жыхар Крывога Рогу.

Юрчанка: Грошай за гэты ролік не атрымліваў

Віталь Юрчанка сам зьвязаўся з рэдакцыяй «Нашай нівы», каб расказаць пра гэтую гісторыю.

Хлопец паўтараў, што яму сорамна за гэтую сытуацыю, піша «Наша ніва». Ён расказаў, што працаваў аналітыкам у беларускай кампаніі, якая зьяўляецца пасярэдніцай між тэлеканаламі і апэратарамі па ўсім сьвеце. Кампаніі прыйшла замова ад Першага каналу Расеі зьняць сям’ю ці чалавека ў Крывым Розе ва Ўкраіне, які пакутуе ад адсутнасьці газу і дарагога ацяпленьня.

Такога чалавека нібыта знайшлі, зьнялі матэрыял, даслалі беларускай кампаніі, але, паводле Юрчанкі, высьветлілася, што ў матэрыяле з Крывога Рогу быў кепскі гук, таму яго было нельга адпраўляць замоўніку.

«Прынялі абсалютна няслушнае рашэньне перазьняць сюжэт з такім самым тэкстам, што зрабілі ў Крывым Розе. Я ня ведаю, ці падпісалі імя таго ж чалавека», — сказаў Віталь Юрчанка, які на той момант адпрацаваў у кампаніі чатыры месяцы.

Ён сказаў, што яму прапанавалі зьняцца ў якасьці героя, бо ён нядаўна працаваў, маўляў, новы работнік. Ён сумняваўся, але пабаяўся адмовіцца і паехаў здымацца.

«Змаладушнічаў, ці што. Калі ўжо зьнялі матэрыял, то я нейкі час пахадзіў, пасьля папрасіў нічога не адпраўляць у Маскву. А мне сказалі на гэта, што матэрыял ужо паслалі», — расказаў Юрчанка.

Паводле яго, замоўца зь Першага каналу нібыта ня быў у курсе, што так адбылося, але нельга было ўжо сказаць «Выбачайце, мы вам ня тое адправілі».

У дзень, калі ролік зьявіўся, трое знаёмых Юрчанкі напісалі яму, што пабачылі сюжэт.

«Я неяк змог ім усё растлумачыць, хоць і пачуў шмат непрыемных словаў пра сябе. Я ня меў ніякага маральнага права ў гэтым удзельнічаць. Гэта супярэчыць усім маім поглядам. Мне сорамна да самай высокай ступені», — сказаў хлопец.

Ён сьцьвярджае, што грошай за гэты ролік не атрымліваў. Проста ўнутры кампаніі папрасілі дапамагчы, а пра наступствы ў той момант ён не падумаў. Але пасьля выхаду матэрыялу Варламава яму нават сталі пісаць у сацыяльных сетках з пагрозамі.

«Я не магу знайсьці сабе месца. Хачу папрасіць прабачэньня ва ўсіх, хто гэта бачыў і ня бачыў, калі за такое ўвогуле можна выбачыць», — сказаў Юрчанка і дадаў, што ў канфлікце Ўкраіны і Расеі не займае нічыёй пазыцыі.

«Гэта інфармацыйная вайна, і мне сорамна, што я стаў яе часткай», — сказаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG