Вучоны-геоляг, акадэмік 7 сьнежня сьвяткуе 90-годзьдзе. Як стваралася акадэмія? Як беларуская навука пацярпела ад сталінскіх рэпрэсій? Калі былі часы росквіту і апошнія выбары прэзыдэнта НАН? Пра гэта ў размове са Свабодай разважаў Гарэцкі.
Пра стварэньне Акадэміі навук
«У 1922 годзе ў Менску быў заснаваны Інстытут беларускай культуры. Праз гады два вучоныя паднялі пытаньне пра стварэньне на яго базе Беларускай акадэміі навук (БАН). Ідэю падтрымала кіраўніцтва БССР, якое складалася з нацыянал-камуністаў. Але патрэбен быў дазвол Масквы, атрыманы толькі ў канцы 1928 году.
У 1927 годзе паўстала пытаньне пра адкрыцьцё ў Менску беларускага НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. Яго арганізатарам быў мой бацька Гаўрыла Гарэцкі. Сяргей Вавілаў, які прыяжджаў у Менск, быў уражаны, наколькі гэты інстытут выдатна распрацаваны. Ён стаў прыкладам для інстытутаў такога напрамку ў іншых савецкіх рэспубліках.
Гаўрыла Гарэцкі напісаў запіску пра арганізацыйныя прынцыпы будаўніцтва Акадэміі навук, дзе адзначыў, каб яна ўключала асобныя інстытуты і аб’ядноўвала ўсю тагачасную навуку Беларусі. Многія прапановы Гарэцкага ўлічылі. Адмысловая камісія выбрала вядомых вучоных, якія сталі сябрамі БАН і лічыліся акадэмікамі-заснавальнікамі.
У сьнежні 1928 году нарадзіўся я (малодшы сын), і многія жартавалі, што Гаўрыла Гарэцкі нарадзіў і сына, і акадэмію
Тады Гаўрылу Гарэцкаму было 28 гадоў. Ён дагэтуль застаецца самым маладым акадэмікам нашай акадэміі. На жаль, з розных прычын многія ня трапілі ў акадэмію — Аркадзь Смоліч, Максім Гарэцкі ды іншыя выдатныя дзеячы.
У кастрычніку 1928 году была апублікаваная пастанова пра рэарганізацыю Інбелкульту ў БАН. У сьнежні 1928 года нарадзіўся я (малодшы сын) і многія жартавалі, што Гаўрыла Гарэцкі нарадзіў і сына, і акадэмію. Устаноўчы сход БАН адбыўся 1 студзеня 1929 году».
Пра рэпрэсіі супраць беларускіх навукоўцаў
«З 1929 году Савецкі Саюз паступова ператвараўся ў архіпэляг ГУЛАГ. Бальшавікі, найперш Масквы, былі не задаволеныя БАН, бо яна была занадта нацыянальнай. У 1930 годзе пачаліся досыць вялікія рэпрэсіі.
Я ў Смаленску знайшоў кніжку, у якой сказана, што ў пачатку 1930 году Гаўрылу Гарэцкага ўзнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга БССР. Ён пра гэта ня ведаў. І, як тады казалі, ордэн замянілі на ордэр, і акадэмік стаў ворагам народу. У ліпені яго арыштавалі. Гаўрылу Гарэцкага назвалі кіраўніком філіялу так званай Працоўнай сялянскай партыі.
Тады і ў Акадэміі навук многіх забралі. Давалі звычайна пяць гадоў і высылку. Таксама і Максіма Гарэцкага выслалі ў Вятку. А Гаўрылу Гарэцкага спачатку асудзілі на расстрэл. Сьпіс на расстрэл Галадзед і Чарвякоў вазілі ў Маскву, яго праглядаў Сталін. Яны пахвалілі Гарэцкага, што ён малады, выдатны, і пачалі прасіць за яго. Нібыта тады Сталін выкрасьліў яго са сьпісу на расстрэл і даў 10 гадоў высылкі ў лягер.
Бацьку накіравалі будаваць Беламорска-Балтыйскі канал у Мядзьведжую Гару. Там непадалёк была геалягічная база, дзе ён, акадэмік, эканаміст, пачаў працаваць простым геолягам. За добрую працу яму скарацілі тэрмін, але прапанавалі застацца ў Мядзьведжай Гары. Адпусьцілі толькі забраць сям’ю зь Беларусі. Мне тады было гадоў пяць, як мы прыехалі на Беламорска-Балтыйскі канал.
Тады вельмі многіх з Акадэміі навук забралі, здорава выпампавалі, агалілі. Адну траціну забралі. Сярод іх былі нашы выдатныя акадэмікі.
Тады адну траціну кадраў з Акадэміі навук забралі, агалілі
І калі пачаўся пік рэпрэсій у 1937–1938 гадах, зноў арыштавалі Максіма Гарэцкага, яго адвезьлі ў Вязьму і там расстралялі. Гаўрылу Гарэцкага зноў двойчы забіралі. Гэта быў вельмі страшны час. Яго рэабілітавалі толькі ў 1958 годзе праз адсутнасьць складу злачынства. Потым аднавілі ў званьні акадэміка. Ён так любіў Бацькаўшчыну, так сюды імкнуўся. Але ў Беларусь яму дазволілі вярнуцца толькі ў 1968 годзе.
Потым бацька сказаў: давай і ты сюды вяртайся. Я тады працаваў у Маскве ў геалягічным інстытуце, дзе абараніў кандыдацкую і доктарскую, атрымаў Дзяржаўную прэмію».
Пра часы росквіту беларускай навукі
«Пры прэзыдэнце Мікалаю Барысевічу (1969-1987) быў росквіт нашай акадэміі. Ён вырашыў запрасіць сюды больш-менш вядомых вучоных-беларусаў. Тады Сушчэня, Закрэўскі, Ліштван вярнуліся на радзіму. Сталі членкарамі і акадэмікамі.
Нас падтрымліваў Пётра Машэраў. Ён выдатны з гэтага боку быў чалавек, падтрымліваў навуку і нас усіх ведаў. З гэтага боку ён быў добры кіраўнік нашай краіны.
Раней у нас быў вельмі вытрыманы статут, як закон. І тады заўсёды выбіралі акадэмікаў, прэзыдэнта, віцэ-прэзыдэнта. А калі мы ўжо сталі прэзыдэнцкай дзяржавай, то кіраўнікоў пачалі прызначаць. Дзякуй Богу, дагэтуль мы выбіраем членкараў і акадэмікаў. І тут ужо пайшло ня тое. Вельмі сумна».
Пра выбары прэзыдэнта акадэміі
«Час новых выбараў надышоў у 1992 годзе. Барысевіч добра ставіўся да мяне, Леаніда Сушчэні, ён сказаў: хлопцы, каб акадэмія ў нас не загінула, падавайце на прэзыдэнта. Я быў сярод чатырох кандыдатаў. Але тут залежала многае ад Барысевіча. У яго, як той казаў, быў пакет акцый. Яго ўсе любілі і слухаліся. Ён паклаў вока на Леаніда Сушчэню, выдатнага спэцыяліста ў заалёгіі. І прыйшоў Сушчэня. А мы зь ім ужо дамовіліся, каго выберуць, то і вельмі добра. А той запрапануе на віцэ-прэзыдэнта. Ён прапанаваў мяне віцэ-прэзыдэнтам, і мяне выбралі.
Мы сталі невялікай добрай камандай. Гэта цяпер у нас там многа ўсялякіх упраўленьняў. А тады тэндэнцыя была скараціць колькасьць розных кіраўнікоў.
Гэта быў адзіны Прэзыдыюм Акадэміі навук, выбраны так, як хацелі вучоныя. Без усялякага націску аднекуль. Бо і Шушкевіч, і Кебіч, калі мы да іх зьвярнуліся, сказалі тады: „Каго хочаце, таго і выбірайце, гэта ваша справа“. Таму мы самі выбралі кіраўнікоў. І вельмі добра працавалі, захавалі акадэмію. А калі сталі прэзыдэнцкай краінай, усё рэзка памянялася. Ужо без Лукашэнкі нічога нельга было зрабіць».
Пра заробкі навукоўцаў
«Не хапае сродкаў на заробкі ў акадэміі. Прэзыдэнт жа сказаў: калі вы такія разумныя, дык зарабляйце. А дзе зарабляць? Так было і прынята ў сьвеце, што фундамэнтальныя навукі заўсёды трымаюцца на бюджэце краіны, і краіна на гэта адпускае вялікія грошы.
Заробкі невялікія. За званьне акадэміка плацяць 400 рублёў. Яшчэ мы атрымліваем за працу і пэнсію. У суме больш-менш атрымліваецца, хапае на лекі».
Што з маладымі кадрамі?
«Вельмі кепска, яны атрымліваюць столькі, што пракарміць сябе і сям’ю вельмі цяжка. Таму моладзі ў нас вельмі мала. Некаторыя ёсьць энтузіясты, ці бацькі зарабляюць. Гэта цяжкае пытаньне. З кадрамі цяжкавата цяпер. Я кажу пра геалёгію, навуку пра зямлю. У некаторых ёсьць заводы і магчымасьць грошы зарабляць.
У акадэміі ёсьць Інстытут прыродакарыстаньня, дзе працуе невялікая група геолягаў. Інстытут геафізыкі і геахіміі ліквідавалі, а гэта быў моцны інстытут, вядомы на ўвесь сьвет. Я быў яго дырэктарам гадоў 20. Было там 300-400 чалавек. А цяпер у нас НПЦ геалёгіі ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя. І ўсе карысныя выкапні, якія мы цяпер распрацоўваем, былі адкрытыя яшчэ ў савецкі час».
Што трэба, каб беларуская навука вярнулася да росквіту
«Якая краіна, такая і навука. Мы ж бедныя. Добра, што Расея дапамагае з нафтай. Але і Расея цяпер ня надта. Так што навука ёсьць у іншых мясьцінах. Трэба пачынаць з эканомікі. Мы больш займаемся палітыкай, а эканомікай слаба. Валявымі рознымі намаганьнямі нічога ня зробіш. І навуку таксама. Патрэбна падтрымка, трэба падмурак мець. Без падмурку нікуды».
Тэкст упершыню апублікаваны на сайце Радыё Свабода 15.11.2018.