Ад 1 студзеня 2019 году памер мінімальнага заробку складзе 330 рублёў, паведамілі ў Міністэрстве працы. Адпаведную пастанову 5 сьнежня прыняў Савет Міністраў.
Цяпер мінімальны заробак складае 305 рублёў.
Гэта на 47 рублёў менш, чым у прагнозе 26 лістапада прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса. Тады прэмʼер казаў, што мінімальны заробак з 1 студзеня 2020 году складзе 377 рублёў.
Таксама Румас заяўляў, урад плянуе ў 2019 годзе працягваць збліжэньне мінімальнага заробку і мінімальнага спажывецкага бюджэту, каб з 1 студзеня 2020 году году гэтыя паказьнікі зраўняліся. Сярэдні заробак у 2019 годзе ў Беларусі плянуецца на ўзроўні ня менш як 1025 рублёў, у бюджэтнай сфэры – 820 рублёў.
У лістападзе 2015 году Аляксандар Лукашэнка дапускаў, што на пачатку 2018 году заплянаваных раней заробкаў па 1000 рублёў можа не атрымацца празь «вялікую колькасьць выходных», а з ІІ кварталу «мы павінны ўжо пераўзыходзіць 1000 рублёў хоць крышачку».
У кастрычніку сярэдні заробак работнікаў Беларусі склаў 999,70 рубля. Гэта найбольшы паказьнік за 2018 год.
Лукашэнка ўжо больш за 10 гадоў абяцае беларусам заробкі «па пяцьсот» даляраў (апошнім часам кажа «па тысячы рублёў»). Але ў 2017 годзе ня толькі рэальныя, а і налічаныя сярэднія заробкі не дасягнулі 1000 рублёў. «Па пяцьсот» даляраў пакуль атрымлівае не сярэднестатыстычны беларус, а сярэднестатыстычная беларуская сям’я.