Кніга эсэ і ўспамінаў праваабаронцы і былога палітвязьня Алеся Бяляцкага «Запіскі з-за кратаў» (Zápisky zpoza mříží) выйшла на чэскай мове, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Кніга дае чытачу ўяўленьне аб праваабарончым міжнародным і беларускім руху, распавядае пра падзеі 2010 году ў Беларусі і зьмяшчае ўспаміны аўтара пра студэнцкія гады. Некаторыя занатоўкі і эсэ, якія ў кнізе, Алесь Бяляцкі напісаў падчас зьняволеньня ў бабруйскай калёніі за праваабарончую дзейнасьць.
У кнігу, якая выйшла ў электронным фармаце, увайшлі таксама ранейшыя творы Бяляцкага («Халоднае крыло над маладымі галовамі», «Аб каранях маёй беларускай ідэнтычнасьці», «Пятнаццаць год „Вясны“ як 15 год экстрыму» ды іншыя). Тэксты з ранейшых кніг праваабаронцы выбрала перакладчыца Вераніка Бяльковіч, яна ж напісала біяграфію аўтара.
Старшыня беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі зьяўляецца першым ляўрэатам міжнароднай прэміі Вацлава Гаўла ў галіне абароны правоў чалавека, якой ён быў уганараваны ў 2013 годзе, калі знаходзіўся за кратамі. Узнагарода прысуджаецца раз на год і мае падкрэсьліць выключную дзейнасьць дзеячоў грамадзянскай супольнасьці, якія працуюць у сфэры абароны правоў чалавека ў Эўропе й за яе межамі.
Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе 2011-га. Яго прызналі вінаватым у нявыплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць. Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.
Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным.
21 чэрвеня 2014 году Бяляцкі быў вызвалены па амністыі.
Чытаць кнігу Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».