Лазар Гінзбург нарадзіўся ў 4 сьнежня (21 лістапада) 1903 году ў Віцебску ў сям’і плытагона. У 1908 годзе, калі Лазару было 5 гадоў, Гінзбургі пераехалі ў Менск, дзе бацька адкрыў скабяную крамку. У сям’і было пяцёра дзяцей.
У 1919-м Лазар скончыў у Менску сярэднюю школу і пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную армію.
У 1920-м ён правучыўся год на аддзяленьні вакалу ў Менскай кансэрваторыі. Пасьля стаў рабкорам, ягоныя фэльетоны, нататкі і вершы друкаваліся ў розных выданьнях. У 1924 годзе пераехаў у Маскву, дзе вучыўся ў Інстытуце народнай гаспадаркі на аддзяленьні палітэканоміі і займаўся ў літаратурнай студыі Валерыя Брусава.
У 1930-х гадах пачаў працу ў рэдакцыі часапіса «Крокодил», зь якім супрацоўнічаў да канца жыцьця. Паралельна з журналісцкай працай напісаў дзіцячую аповесьць «Стары Хатабыч», якую падпісаў як Лазар Лагін — псэўданім, які атрымаўся ў выніку зьліцьця першых частак імя ды прозьвішча: ЛАзар ГІНзбург.
Казка выйшла асобнай кнігай у 1940-м і стала папулярнай, а імя аўтара — вядомым.
Лёс іншых літаратурных твораў Лагіна быў часам драматычны. Да прыкладу, у 1950-я гады за раман «Выспа расчараваньня» Лагіна абвясьцілі ляўрэатам Сталінскай прэміі, але праз колькі часу рашэньне адмянілі, прызнаўшы твор «неадпаведным». А ў 1971 годзе забаранілі нават здымаць мультфільмы па сцэнарах Лагіна, бо іх палічылі ідэйна шкоднымі ва ўмовах будаваньня сацыялізму.
Лёс нібыта выпрабоўваў гэтага чалавека: то ён быў адданы камсамольскі лідэр ды працаваў на адказнай пасадзе ў газэце «Правда», то быў абвешчаны «ворагам народу». Ці ня штодня да яго прыходзілі з ордэрам на арышт, і ўратавала пісьменьніка хіба тое, што яго накіравалі тады ў далёкую творчую камандзіроўку на выспу Шпіцбэрген. Там і нарадзіўся сюжэт кнігі пра старога Хатабыча, якая стала сапраўдным дзіцячым бэстсэлерам.
Памёр Лазар Лагін у Маскве 16 чэрвеня 1979 году.
23 чэрвеня 2017 году ў Віцебску аўтару «Хатабыча» паставілі помнік, але сапраўднае прозьвішча аўтара папулярнага дзіцячага твору нідзе не пазначана. На шыльдзе, прымацаванай з тылу скульптурнай выявы, названы толькі псэўданім пісьменьніка:
«Старик Хоттабыч — герой повести-сказки Лазаря Лагина, родившегося в Витебске».
Скульптуру паставілі каля тэатру «Лялька», на вуліцы Пушкіна. Аўтар выявы чараўніка Хатабыча — скульптар Сяргей Сотнікаў. Адкрылі новы арт-абʼект 23 чэрвеня — якраз у дні, калі Віцебск адзначаў сваё 1043-годзьдзе.
Прапанова ўшанаваць памяць земляка Лазара Гінзбурга ўпершыню прагучала яшчэ ў 1990-я. Тагачасная загадчыца літаратурнага музэю Сьвятлана Казлова прапанавала паставіць помнік на месцы дому на Падзьвінскай вуліцы, дзе нарадзіўся Лазар Гінзбург. Прынялі рашэньне ўсталяваць такі помнік у 2008 годзе, да ўгодкаў выданьня казкі. Але грошай тады не знайшлося, а неўзабаве літаратурны музэй, дзе захоўвалася перапіска Лазара Гінзбурга са сваякамі, быў закрыты.