У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны заяўляюць, што ўсе іхныя падразьдзяленьні пераведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць і ажыцьцяўляюцца захады ўзмоцненага памежнага кантролю.
«У прыватнасьці, ажыцьцяўляюцца паглыблены агляд транспартных сродкаў і апытаньне грамадзян, якія ўяжджаюць на тэрыторыю Ўкраіны і могуць адпавядаць крытэрыям рызыкі — магчымая датычнасьць да ўзброеных тэрарыстычных фармаваньняў і незаконнае наведваньне часова акупаваных тэрыторый Украіны. Пры наяўнасьці падстаў, замежным грамадзянам забараняецца ўезд на тэрыторыю Ўкраіны», — паведамілі ў прэсавай службе Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.
Прадстаўнік памежнікаў падкрэсьліў, што ўсе падразьдзяленьні памежнай службы пераведзеныя на ўзмоцненую ахову мяжы з 2014 году, у тым ліку і на мяжы зь Беларусьсю.
«Цяпер ёсьць яшчэ і пэўныя асаблівасьці ў 10 абласьцях краіны ў сувязі з увядзеньнем ваеннага становішча. Датычна грамадзян Беларусі, у выпадку, калі ў іх ёсьць усе падставы для ўезду — належныя дакумэнты, вызначаная мэта паездкі, абмежаваньні іх не закрануць», — падкрэсьлілі ў памежнай службе.
Адзінае выключэньне для іншаземцаў — наведваньне Крыму. Ад сёньня ўезд на тэрыторыю анэксаванавага Расеяй Крыму для ўсіх замежных грамадзян забаронены.
У той жа час асобныя дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны заяўляюць аб неабходнасьці распаўсюдзіць ваеннае становішча на вобласьці, якія мяжуюць зь Беларусьсю.
«Мы памятаем нядаўнія вучэньні ў Беларусі — расейскія ўзброеныя сілы ўвайшлі ў Беларусь, а цяпер толькі на ратацыйнай аснове яны мяняюцца, але ня выйшлі ў поўным складзе пасьля вучэньняў. Таму я перакананы, што Валынская і Роўненская вобласьці павінны быць абавязкова пераведзеныя на рэжым ваеннага становішча», — сказаў у эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў Ігар Лапін, які прадстаўляе ў парлямэнце кааліцыйную фракцыю «Народны фронт».
У Паўночным рэгіянальным упраўленьні памежнай службы ўдакладнілі, што асноўныя высілкі Чарнігаўскага памежнага атраду скіраваныя на ўзмацненьне аховы ўчастку ўкраінска-расейскай мяжы, каб папярэдзіць магчымыя інцыдэнты, правакацыі і пранікненьне выведвальна-дывэрсійных груп.
Вядома, што за першы дзень ваеннага становішча шасьці замежным грамадзянам адмовілі ва ўезьдзе ў Чарнігаўскую вобласьць, але памежнікі адмовіліся ўдакладняць, ці ёсьць сярод іх грамадзяне Беларусі.
Паводле інфармацыі Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, кожны дзень ва ўезьдзе на ўкраінскую тэрыторыю адмаўляюць дзясяткам іншаземцаў, у першую чаргу, гаворка ідзе аб грамадзянах Расеі: «Пераважаная большасьць адмоў зьвязаная з тым, што грамадзяне не змаглі пацьвердзіць мэту наведваньня Ўкраіны або незаконна прыяжджалі ў Крым».
Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры
Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.
- Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
- Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
- Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
- Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
- Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
- Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
- Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
- Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
- Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам – грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
- У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.