Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сустрэчы Лукашэнкі ўплываюць на беларускі экспарт: −33% з Сэрбіяй, +74% з Суданам


Краіны, экспарт у якія зьменшыўся пасьля сустрэчы Лукашэнкі зь іх лідэрамі
Краіны, экспарт у якія зьменшыўся пасьля сустрэчы Лукашэнкі зь іх лідэрамі

Свабода прааналізавала, што адбываецца з продажам беларускіх тавараў у замежныя краіны пасьля сустрэч Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам гэтых краін.

За дзевяць месяцаў гэтага году экспарт беларускіх тавараў у іншыя краіны павялічыўся на 18%, паведамляе Белстат. Найбольш вырасьлі пастаўкі ў краіны Эўразьвязу: плюс 42,8% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.

Аляксандар Лукашэнка ў перамовах з кіраўніцтвам іншых краін увесь час уздымае тэму экспарту беларускіх тавараў. Але ці мяняецца нешта пасьля такіх сустрэч? Мы паглядзелі, з кім сустракаўся Лукашэнка ў студзені-верасьні мінулага году і як гэта адбілася на росьце экспарту сёлета за такі ж пэрыяд.

«Разьвязку ў гандлі» знайшлі, але экспарт упаў

Аляксандар Лукашэнка і Гурбангулы Бэрдымухамэдаў, сакавік 2017-га
Аляксандар Лукашэнка і Гурбангулы Бэрдымухамэдаў, сакавік 2017-га

У сакавіку 2017 году Аляксандар Лукашэнка наведаў Туркмэністан і сустрэўся з прэзыдэнтам гэтай краіны Гурбангулы Бэрдымухамэдавым. Гаварылі пра экспарт беларускіх тавараў.

«Мы знайшлі разьвязку многіх пытаньняў у гандлі ў гэты няпросты час. Думаю, прасоўваючыся ў гэтым кірунку, мы яшчэ нямала зробім і ў Беларусі, і на туркмэнскай зямлі», — сказаў Лукашэнка кіраўніку Туркмэністану.

Але экспарт тавараў у гэтую краіну прасеў на 41% у параўнаньні зь мінулым годам.

Афіцыйныя перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Гіоргія Маргвэлашвілі. Менск, 1 сакавіка 2017 году
Афіцыйныя перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Гіоргія Маргвэлашвілі. Менск, 1 сакавіка 2017 году

Тады ж у сакавіку Лукашэнка прыняў у сябе грузінскага прэзыдэнта Гіоргія Маргвэлашвілі. Кіраўнікі краін «пацьвердзілі зацікаўленасьць ва ўмацаваньні беларуска-грузінскага ўзаемадзеяньня на ўсіх узроўнях і ва ўсіх сфэрах».

А экспарт беларускіх тавараў упаў на 23%, нягледзячы на афіцыйныя перамовы і зацікаўленасьць.

Томіслаў Нікаліч і Аляксандар Лукашэнка, Менск, травень 2017-га
Томіслаў Нікаліч і Аляксандар Лукашэнка, Менск, травень 2017-га

У траўні на сустрэчы з прэзыдэнтам Сэрбіі Томіславам Нікалічам кіраўнік Беларусі ўзгадваў пра рост таваразвароту паміж нашымі краінамі.

«У нас няма закрытых тэм. Вы павінны ведаць, што мы заўсёды зь любоўю і павагай ставіліся да сэрбаў і будзем прытрымлівацца такой палітыкі», — упэўніваў Аляксандар Лукашэнка.

Таваразварот паміж абедзьвюма краінамі за восем месяцаў зьнізіўся на 39% у параўнаньні з такім жа мінулагоднім пэрыядам, экспарт упаў на 33%.

Дзьве сустрэчы і толькі +0,6% экспарту

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, лістапад 2017-га
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, лістапад 2017-га

З прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным Лукашэнка за дзевяць месяцаў сустракаўся двойчы: у красавіку і чэрвені. 38% усяго беларускага экспарту ідзе ў Расею, але прырост, нягледзячы на дзьве сустрэчы, — усяго 0,6%.

Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка, ліпень 2017-га
Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка, ліпень 2017-га

Для параўнаньня, пасьля адной ліпеньскай сустрэчы зь Пятром Парашэнкам беларускі экспарт ва Ўкраіну вырас на 22%.

«Беларусь і Ўкраіна зацікаўленыя ў пашырэньні экспарту, разьвіцьці прамысловай каапэрацыі, сумесных праектах па мадэрнізацыі дарожна-транспартнай інфраструктуры», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы зь Пятром Парашэнкам.

Чэмпіёны — Судан і Казахстан

Аляксандар Лукашэнка і Амар аль-Башыр
Аляксандар Лукашэнка і Амар аль-Башыр

Найбольшы плён у пляне экспарту з усіх сустрэч дала размова з прэзыдэнтам Судану Амарам аль-Башырам у студзені 2017-га. Экспарт за дзевяць месяцаў даў 74% росту. Гэта найлепшы паказчык па экспарце пасьля ўсіх сустрэчаў за дзевяць месяцаў мінулага году.

«Судан стаў для нас адным з найважнейшых партнэраў на афрыканскім кантынэнце», — казаў Лукашэнка прэзыдэнту Судану.

Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў, чэрвень 2017-га
Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў, чэрвень 2017-га

На другім месцы па плённасьці чэрвеньская сустрэча зь лідэрам Казахстану Нурсултанам Назарбаевым: +43% прыросту.

Агулам за восем месяцаў мінулага году Лукашэнка правёў дзясятак сустрэч з кіраўнікамі розных краін. У трох выпадках экспарт у гэтыя краіны пасьля сустрэч зьнізіўся, у двух — значна вырас, у астатніх выпадках рост склаў ад 10 да 20%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG