Служба бясьпекі Ўкраіны абнародавала перахопленыя перамовы пілётаў расейскіх самалёту Су-30 і верталёта Ка-52 у Керчанскай пратоцы 25 лістапада падчас атакі на ўкраінскія караблі.
На перамовах, у прыватнасьці чуваць, як пілёты ўдакладняюць каардынаты цэлі і прыналежнасьць караблёў. Чутна, як авіяцыя атрымлівае загад на збліжэньне, а пасьля экіпажы ўдакладняюць рэшту зброі: адзін з пілётаў адказвае, што выпусьціў два «алоўкі».
«Перамовы экіпажаў самалёта Су-30 і верталёта Ка-52 сьведчаць аб прымяненьні зброі ў дачыненьні да вайсковых караблёў Украіны. У гэтых перамовах дакладна ўказваецца на выкарыстаньне двух „алоўкаў“ (гэта некіраваныя ракеты) як з боку самалёта Су-30, так і экіпажу верталёта Ка-52. Яны выканалі заданьне і вярнуліся ў пункт дысьлякацыі пасьля выкарыстаньня ракет», — паведаміў намесьнік старшыні СБУ Алег Фралоў.
Паводле яго, гэтыя перамовы не пакідаюць ніякіх сумневаў, што расейскае вайсковае кіраўніцтва «сьвядома аддавала загад на выкарыстаньне зброі супраць украінскіх караблёў».
Алег Фралоў таксама дадаў, што ў захопе ўкраінскіх караблёў бралі ўдзел двое былых супрацоўнікаў Службы бясьпекі Ўкраіны, якія перайшлі на бок Расеі пасьля анэксіі Крыму.
Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры
Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.
- Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
- Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
- Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
- Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
- Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
- Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
- Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
- Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
- Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам – грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
- У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.