Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO 28 лістапада ўключыў «Урачыстасьць у гонар шанаваньня Іконы Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)» у сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
Над уключэньнем беларускага фэсту ў сьпіс UNESCO працавалі беларускія міністэрствы замежных спраў і культуры, Нацыянальная камісія Рэспублікі Беларусь па справах UNESCO, піша МЗС Беларусі.
МЗС Беларусі таксама адзначыла, што Будслаўскі фэст зьяўляецца «сымбалем беларускай ідэнтычнасьці, урачыстасьць, якая адбываецца ў атмасфэры ўсеагульнай павагі і дружбы, абʼядноўвае розныя групы людзей, незалежна ад іх рэлігійных поглядаў, сацыяльнага статусу і гендэрных адрозьненьняў».
Будслаўскі фэст — штогадовае ўшанаваньне цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Фэсту папярэднічае масавая пілігрымка на пачатку ліпеня ў гонар Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі. З розных гарадоў у Будслаў пешкі дабіраюцца дзясяткі тысяч вернікаў зь Беларусі, Польшчы і Расеі. У прыватнасьці, зь Менску да Будслава яны праходзяць 125 кілямэтраў.
Таксама ў сьпісы UNESCO ўключаныя чатыры абʼекты матэрыяльнай спадчыны:
- Белавеская пушча;
- Мірскі замак;
- Нясьвіскі палацава-паркавы комплекс;
- геадэзічная дуга Струвэ.
І адзін — нематэрыяльнай:
- абрад «Калядныя цары».