28 лістапада Сьледчы камітэт Беларусі задаволіў хадайніцтва яшчэ аднаго рэдактара парталу Tut.by Ганны Ермачонак аб спыненьні крымінальнага перасьледу на падставе арт. 86 КК («Вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці з прыцягненьнем да адміністрацыйнай адказнасьці).
Ганна Ермачонак сплаціла адміністрацыйны штраф 30 базавых велічыняў (735 рублёў). Цяпер у «справе БелТА» яна праходзіць як сьведка. Падпіска аб нявыезьдзе адменена, забарона на выезд з краіны зьнятая.
Напярэдадні быў спынены крымінальны перасьлед пяці супрацоўнікаў Tut.by, раней адміністрацыйныя штрафы сплацілі яшчэ некалькі журналістаў.
На дадзены момант абвінавачанымі ў справе застаюцца галоўная рэдактарка парталу Tut.by Марына Золатава і яе калега з агенцтва БелаПАН Ірына Леўшына. Золатава абвінавачваецца па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэксу («Бязьдзейнасьць службовай асобы). Санкцыі ў гэтым артыкуле — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
Леўшына абвінавачваецца па ч. 2 артыкула 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі»), паводле якой было выстаўлена абвінавачаньне і астатнім фігурантам. Усяго па ёй праходзілі 15 журналістаў і рэдактараў.
«Справа БелТА». Што важна ведаць
- У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
- Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.