Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Закрыць расейскае консульства». Беларусы ў Львове пікетавалі дыпрадстаўніцтва Расеі


Актывісты руху салідарнасьці «Разам» сёньня ў Львове пікетавалі Генэральнае консульства Расеі, патрабуючы спыніць агрэсію супраць Украіны і вызваліць усіх палітычных вязьняў, якія ўтрымліваюцца ў расейскіх турмах, а таксама ўкраінскіх маракоў, захопленых 25 лістапада ў Керчанскай пратоцы.

Традыцыйна штогод у гэтыя дні беларусы разам з украінцамі ладзяць у Львове акцыі ў памяць аб Слуцкім паўстаньні 1920 году — узброенай спробе абараніць беларускую дзяржаўнасьць і незалежнасьць ад савецкіх войскаў.

У сувязі з падзеямі 25 лістапада, калі ў Керчанскай пратоцы расейскія караблі атакавалі ўкраінскія памежныя катэры, арганізатары акцыі зьмянілі праграму акцыі, каб правесьці супольны пікет расейскага консульства.

Удзельнікі акцыі таксама зьвярнуліся да кіраўніка Львоўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі з патрабаваньнем закрыць консульства Расеі як «рэзыдэнцыі шпіянажу, антыўкраінскай прапаганды і тэрарызму».

Будынак генэральнага консульства Расеі ў Львове ахоўвалі супрацоўнікі Нацыянальнай гвардыі і паліцыі Ўкраіны — іхная колькасьць перавышала колькасьць актывістаў, якія ўзялі ўдзел у акцыі.

Вярхоўная Рада Ўкраіны 26 лістапада законам зацьвердзіла ўказ прэзыдэнта Пятра Парашэнкі аб увядзеньні ваеннага становішча ў сувязі з «чарговым актам агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі 25 лістапада ў раёне Керчанскай пратокі супраць караблёў Вайскова-марскіх сілаў Украіны».

Згодна з гэтым рашэньнем, якое набудзе моц адразу пасьля публікацыі, праваахоўныя і вайсковыя органы ды фармаваньні краіны пераводзяцца на ўзмоцнены рэжым службы. Таксама ва ўзмоцненым рэжыме будуць ахоўвацца ўсе дыпляматчныя ўстановы ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG