Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ў расейскай аблозе: анэксаваны Крым, акупаваны Данбас, новая база ля Чарнігава


Улады Ўкраіны патрэбу ўвядзеньня ваеннага становішча тлумачаць ня толькі нападам на іхныя караблі ў Азоўскім моры, але і ўзмацненьне расейскіх вайсковых сілаў абапал мяжы Расеі і Ўкраіны.

Пагрозы з анэксаванага Крыму

Паводле экспэртаў, Крым пасьля расейскай анэксіі 2014 году ператвараецца ў адну вялікую вайсковую базу Расеі.

Да анэксіі Крыму расейская вайсковая база была тут толькі ў марскім порце Севастопалю. 2 красавіка 2014 году ў выніку незаконнага далучэньня Крыму да Расеі і фактычнага спыненьня арэнды Расеяй аб’ектаў яе Чарнаморскага флёту на тэрыторыі Ўкраіны, Масква дэнансавала харкаўскія пагадненьні. Вайсковыя абʼекты ў Крыме цяпер дэ-факта функцыянуюць як унутрырасейскія.

За час акупацыі істотна вырасла прысутнасьць Міністэрства абароны Расеі на анэксаваным украінскім паўвостраве. У Крым сярод іншага перакінутыя зэнітныя ракетныя комплексы С-400, якія могуць паражаць самалёты ў любым пункце Ўкраіны.

Узброеныя сілы Расеі ў анэксаваным Крыме

Пункты базаваньня карабельнага складу Чарнаморскага флёту Расеі

  • бухты Севастопальская, Паўднёвая, Карантынная, Казачая — асноўная вайскова-марская база Чарнаморскага флёту
  • Фэадосія

Да анэксіі Крыму Расея арандавала ў севастопальскім порце 30 прычальных стаянак для 30 баявых караблёў. Сёньня дакладная колькасьць сканцэнтраваных там суднаў невядомая.

Мяркуецца, што вайсковы патэнцыял 22-га армейскага корпусу разам зь іншымі падразьдзяленьнямі Чарнаморскага флёту і дывізіяй паветраных сілаў перавышае 30 тысяч вайскоўцаў.

У Севастопалі разьмяшчаецца штаб Чарнаморскага флёту, цэнтральны вузел сувязі, вайскова-марскі шпіталь, зэнітны ракетны полк, асобны полк марской пяхоты, 17-ы арсэнал.

Асноўныя вайсковыя аэрадромы ў Крыме

  • Гвардзейскае побач зь Сымфэропалем
  • Кача ў раёне Севастопалю
  • Бельбек каля Севастопалю (новую ўзьлётна-пасадачную паласу здалі 24 лістапада 2018 году)

На аэрадромах Кача і Гвардзейскае дысьлякуюцца самалёты Су-24М і Су-24МР, Ан-26, а таксама верталёты Ка-27.

Запасныя аэрадромы

  • Мыс Херсанэс
  • Паўднёвы ў раёне Севастопалю
Расейскія салдаты ў акупаваным Крыме
Расейскія салдаты ў акупаваным Крыме

Вузлы сувязі

  • 219-ы асобны полк радыёэлектроннай барацьбы ў Атрадным
  • Кача
  • Судак
  • Ялта

Войскі ў акупаванай частцы Данбасу

На тэрыторыі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей, якія Кіеў лічыць акупаванымі Расеяй і яе стаўленьнікамі з так званых «ДНР» і «ЛНР», знаходзяцца два армейскія корпусы, забясьпечаныя расейскай вайсковай тэхнікай і пэрсаналам.

Расейскі вартавы карабель «Адмірал Макараў» у Чорным моры
Расейскі вартавы карабель «Адмірал Макараў» у Чорным моры

Паводле Мінабароны Ўкраіны, асабовы склад гэтых карпусоў агулам налічвае каля 50 тысяч чалавек.

Амаль за чатыры гады ад моманту падпісаньня менскіх пагадненьняў, якія сталі базавымі для мірных перамоваў па Данбасе, ніводзін з пунктаў ня выкананы ў поўным аб’ёме.

Расея працягвае сьцьвярджаць, што дапамагае мяцежнаму рэгіёну «выключна гуманітарна», а прысутнасьць сваіх вайскоўцаў сьпісвае на «добраахвотнасьць» іх удзелу. Афіцыйны Кіеў таксама не выдае колькасьць жывой сілы і тэхнікі ў зоне Апэрацыі аб’яднаных сілаў на Данбасе, гэта інфармацыя сакрэтная.

Менскія дамоўленасьці прадугледжваюць спыненьне агню, адвод цяжкіх узбраеньняў ад лініі разьмежаваньня, абмен палоннымі па формуле «ўсіх на ўсіх», правядзеньне канстытуцыйнай рэформы ва Ўкраіне з мэтай замацаваньня «асаблівага статусу асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей» і г.д.

Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў на Данбасе 26 лістапада
Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў на Данбасе 26 лістапада

Для большасьці з 13 пунктаў менскага пагадненьня былі ўказаныя канкрэтныя тэрміны выкананьня, а завяршыць урэгуляваньне канфлікту меркавалася да канца 2015 году.

За мінулы час бакі рабілі больш за два дзясяткі спробаў устанавіць рэжым цішыні ў зоне канфлікту. Аднак пасьля непрацяглага зацішша абстрэлы аднаўляліся. Так, паводле дадзеных спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ, у 2016 годзе зафіксавана звыш 320 тысяч выпадкаў парушэньня рэжыму спыненьня агню, у 2017-м гэтая лічба ўзрасла да 400 тысяч.

Не выконваецца і патрабаваньне адводу цяжкіх узбраеньняў ад лініі судакрананьня. Летась задакумэнтавана звыш 4000 выпадкаў разьмяшчэньня ўзбраеньняў у парушэньне менскіх пагадненьняў супраць 3000 выпадкаў годам раней.

Канчаткова ня выканана дамова аб разьвядзеньні сілаў і сродкаў у трох першых зонах бясьпекі: у Залатым, Пятроўскім і станіцы Луганскай. Меркавалася павялічыць іх колькасьць да 10, пашырыўшы тэрыторыю бясьпекі на ўсю лінію фронту. Рэальна разьвядзеньне сілаў адбылося толькі ў двух месцах — у Залатым і Пятроўскім.

Аблога па пэрымэтры ўкраінскай мяжы

Паводле зьвестак афіцыйнага Кіева, Расея ў першай палове 2018 году сканцэнтравала вайсковую тэхніку ўздоўж усёй украінскай мяжы. Усяго, паводле падлікаў украінскага Мінабароны, Масква можа ўжыць больш за чвэрць мільёна вайскоўцаў і тысячы адзінак тэхнікі.

«На поўначы над намі 20-я армія Заходняй вайсковай акругі Расеі, у рэзэрве — першая танкавая армія. Супраць нас могуць задзейнічаць 260 тысяч расейскіх вайскоўцаў, 3,5 тысячы танкаў, 11 тысяч браніраваных машын, 4 тысячы артылерыйскіх сыстэм, звыш 1 тысячы рэактыўных сыстэм залпавага агню. Гэтыя войскі будуць падтрымліваць 4-ю і 6-ю арміі ваенна-паветраных сіл», — папярэджваў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў.

На Данецкім кірунку з расейскага боку мяжы ўшчыльную разьмясьцілася 150-я дывізія 8-й арміі, паводле Турчынава, гатовыя да баявых дзеяньняў.

Танкі ў расейскім горадзе Клінцы
Танкі ў расейскім горадзе Клінцы

Вайсковыя часткі каля іншых межаў Украіны

У горад Клінцы Бранскай вобласьці побач зь межамі Ўкраіны і Беларусі перадысьлякаваная 28-я асобная мотастралковая брыгада, якая ўвайшла ў склад 20-й арміі са штабам у Варонежы.

Акрамя таго, на Чарнаморска-Азоўскім напрамку стаіць 49-я армія, у другім эшалёне — 58-я армія Паўночнай вайсковай акругі Расеі.

У Кіеве таксама не выключаюць, што Масква разглядае «саюзную» тэрыторыю Беларусі як адзін з пляцдармаў для нанясеньня ўдару па Ўкраіне. Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў, што зь беларускага боку Ўкраіне пагрозы ня будзе.

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG