Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў будзе шукаць шляхі мірнага ўрэгуляваньня, але пакідае за сабой права на самаабарону, — МЗС Украіны


Міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін
Міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін

Міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін заявіў, што ўчорашнія дзеяньні расейскіх вайскоўцаў у Керчанскай пратоцы парушаюць фундамэнтальныя нормы міжнароднага права.

«Украіна будзе шукаць шляхі мірнага ўрэгуляваньня, але захоўвае за сабой права на самаабарону», — заявіў журналістам Паўло Клімкін пасьля сустрэчы з акрэдытаванымі ва Ўкраіне замежнымі дыпляматамі ў сувязі з абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскай пратоцы.

Паводле яго, менавіта такім чынам будуць выбудоўвацца паводзіны Ўкраіны на паседжаньні Рады Бясьпекі ААН і Камісіі «Ўкраіна-NATO», якое мае адбыцца сёньня.

Міністар замежных спраў Украіны таксама ня выключыў, што неўзабаве будзе абвешчана аб разрыве дыпляматычных дачыненьняў з Расеяй:

«У нас ёсьць фармальна прысутнасьць (у Расеі — РС) дыпляматаў, якія цяпер працуюць над тым, каб дапамагаць украінцам. У сёньняшняй лёгіцы, у іх усё менш і менш магчымасьцяў. Звычайна, мы ня можам пакінуць украінцаў без прававой дапамогі і мусім размаўляць з нашымі партнэрамі, і цяпер мы гаворым пра гэта. Я неўзабаве паведамлю аб выніках гэтых кансультацый. Але тое, што крокі будуць — не сумнявайцеся».

«Датычна расейскіх дыпляматаў ва Ўкраіне — яны працуюць на спэцслужбы і ніякіх іншых функцый у іх ва Ўкраіне быць ня можа. Мы зараз знаходзімся ў цесным кантакце з нашымі сябрамі і партнэрамі, і далейшыя крокі будуць безумоўна», — падкрэсьліў ён.

У сваю чаргу камандуючы Ваенна-марскімі сіламі Ўкраіны Ігар Варончанка паведаміў журналістам, што ўкраінскія маракі, якіх Расея захапіла напярэдадні ў палон, не выкарыстоўвалі зброю ў адказ, каб не справакаваць баявыя дзеяньні. Ён таксама паведаміў, што камандаваньне разглядала магчымасьць накіраваньня паветранай падтрымкі ўкраінскім катэрам, але, улічваючы, высокі ўзровень мілітарызацыі Расеяй Крыму, адмовілася ад гэтай ідэі.

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG