Як на ваеннае становішча ва Ўкраіне адрэагуюць эканоміка, палітыка і грамадзтва, Свабода распытала экспэрта з Кіева Багдана Ярэменку і былога намесьніка старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны Андрэя Магеру, сузаснавальніка Фонду энэргетычных стратэгій Юрыя Каральчука.
26 лістапада а 17-й гадзіне паводле менскага часу Вярхоўная Рада Ўкраіны ў закрытым рэжыме пачне разгляд прапановы прэзыдэнта Пятра Парашэнкі і Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб увядзеньні ваеннага становішча ў сувязі з абвастрэньнем сытуацыі ў Азоўскім моры. 25 лістапада ў Керчанскай пратоцы адбылася атака расейскіх памежных караблёў на ўкраінскіх маракоў з выкарыстаньнем зброі, 6 чалавек параненыя, захопленыя ў палон тры караблі і 23 украінскія маракі.
З гэтай нагоды карэспандэнтка Свабоды пагутарыла са старшынёй праўленьня заснаванага ўкраінскімі дыпляматамі дабрачыннага фонду «Майдан замежных спраў» Багданам Ярэменкам, распытала, ці існуюць пагрозы для пачатку новага вайсковага наступу Расеі на Ўкраіну і якія наступствы будзе мець ваеннае становішча для Ўкраіны, калі будзе ўхваленае?
Дадатковы доказ узброенай агрэсіі Расеі супраць Украіны
«Згодна з нормамі міжнароднага, украінскага і нават расейскага права, гэта акт узброенай агрэсіі: выкарыстана зброя на паражэньне, ёсьць пацярпелыя, захоплена вайсковая тэхніка. Гэта адзін з эпізодаў працягу шырокамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны. Ці магчымы працяг ваенных дзеяньняў на зямной паверхні, стане зразумела неўзабаве, хоць інфармацыі, якая б сьведчыла аб падрыхтоўцы з боку Расеі, у публічнай прасторы пакуль няма», — кажа Багдан Ярэменка.
Дыплямат перакананы, што намер украінскіх уладаў увесьці ваеннае становішча зьяўляецца правільнай рэакцыяй на сытуацыю, але ўсё ж пэўная занепакоенасьць наконт апраўданасьці такога кроку ёсьць.
«Увядзеньне ваеннага становішча ёсьць адзіным прававым спосабам, якім украінская ўлада, у прыватнасьці прэзыдэнт, могуць рэагаваць на ваенную агрэсію ці яе пагрозу. Між тым у лютым 2014 году падставы для гэтага былі больш сур’ёзныя — анэксаваная тэрыторыя, расейскі парлямэнт дазволіў выкарыстаньне расейскіх узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны, было забіта больш як 10 тысяч украінскіх грамадзян.
Таму ва Ўкраіне ёсьць занепакоенасьць, наколькі апраўдана ўвядзеньне ваеннага становішча менавіта цяпер, напярэдадні прэзыдэнцкай і парлямэнцкай выбарчай кампаній. І асьцярога падмацоўваецца тым фактам, што ўлада адкладае чамусьці рашэньне аб разарваньні дыпляматычных дачыненьняў з Расеяй, аб забароне расейскіх арганізацый на тэрыторыі Ўкраіны, аб скарачэньні гандлю», — дадаў экспэрт.
Ці будуць скасаваныя выбары
Налета ва Ўкраіне маюць адбыцца адразу дзьве выбарчыя кампаніі — прэзыдэнцкая ў сакавіку і парлямэнцкая ўвосень. Менавіта гэта і накладае палітычную афарбоўку на рашэньне прэзыдэнта Пятра Парашэнкі. Шмат украінскіх палітыкаў расцанілі гэтыя дзеяньні як намер Пятра Парашэнкі падоўжыць тэрмін сваёй прэзыдэнцкай кадэнцыі.
Закон аб прававым рэжыме ваеннага становішча і Канстытуцыя Ўкраіны прадугледжваюць, што ў выпадку заканчэньня паўнамоцтваў прэзыдэнта ды выбарных органаў (Вярхоўнай Рады і мясцовых радаў) новыя выбары праводзяцца толькі пасьля скасаваньня дзеяньня асаблівага прававога рэжыму.
«У выпадку, калі ваеннае становішча будзе скасавана праз 60 дзён, то адпаведна ніякіх падстаў для зьмены календара для правядзеньня выбараў ня будзе. Калі ж ваеннае становішча будзе падоўжвацца, то трэба будзе глядзець менавіта на момант завяршэньня ваеннага становішча, каб зразумець, якія выбары — парлямэнту ці прэзыдэнта — адбудуцца першымі», — адзначыў Багдан Ярэменка.
Былы намесьнік старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны Андрэй Магера мяркуе, што сьцьвярджэньні аб пераносе выбараў заўчасныя:
«Канстытуцыя Ўкраіны як акт найвышэйшай юрыдычнай сілы, у адрозьненьне ад закону аб прававым рэжыме ваеннага становішча, ня ёсьць у гэтым пытаньні настолькі катэгарычнай. Таму магчымасьць ці немагчымасьць правядзеньня чарговых выбараў прэзыдэнта Ўкраіны 31 сакавіка 2019 году будзе зразумелая толькі пасьля азнаямленьня з зацьверджаным Вярхоўнай Радай указам аб увядзеньні ваеннага становішча ва Ўкраіне ці ў асобных яе мясцовасьцях».
Андрэй Магера падкрэсьліў, што прызначэньне чарговых, пазачарговых ці паўторных выбараў прэзыдэнта Ўкраіны ёсьць выключным паўнамоцтвам парлямэнту.
«Гэта азначае, што без адпаведнай пастановы парлямэнту Цэнтральная выбарчая камісія ня зможа праводзіць прэзыдэнцкія выбары», — дадаў ён.
Рызыкі крызісу ў энэргетыцы
Паводле сузаснавальніка Фонду энэргетычных стратэгій Юрыя Каральчука, нават першая інфармацыя аб магчымасьці ўвядзеньня ваеннага становішча прывяла да прыпыненьня перамоваў аб удзеле эўрапейскіх партнэраў у кіраваньні газатранспартнай сыстэмай Украіны пасьля 2019 году.
«Калі ваеннае становішча будзе ўведзена хоць на 30, хоць на 60 дзён, гэта значыць, паводле папярэдняй інфармацыі, што аднаўленьне актыўнай фазы адбору партнэра пераносіцца на лета-восень 2019 году. Гэта азначае правал падрыхтоўкі да новага транзытнага пагадненьня. І Ўкраіну „падвесяць“ як эўрапейскія партнэры, так і Расея. Калі раней імавернасьць транзытнага крызісу складала 30 адсоткаў, то цяпер яна вырасла да амаль 80%».
Апроч таго, экспэрт не выключае магчымага дэфіцыту электраэнэргіі і аўтамабільнага паліва.
«Ваеннае становішча пэўна прывядзе да спыненьня паставак вугалю з Расеі. Запасаў на складах сёньня — мінімум. Замяніць вугаль з Расеі цяпер няма чым. Правал у пастаўках вугалю прывядзе да веерных адключэньняў. Ядзернае паліва на 80% ідзе з Расеі. Палову з таго, што Westinghouse прадае Ўкраіне, ідзе на склад, яго выкарыстоўваць у якасьці рэзэрву не атрымаецца. Ваеннае становішча паставіць рубам пытаньне стабільнай працы АЭС», — тлумачыць Юры Каральчук.
«Украіна на 80 адсоткаў залежыць ад імпартнага бэнзіну, дызпаліва і аўтагазу. Ад расейскага паліва або таго, якое ідзе зь Беларусі і вырабляецца з расейскай нафты і кантралюецца Расеяй — гэта 60%. Вайсковая тэхніка на якім дызелі маршыруе? Рытарычнае пытаньне», — дадаў экспэрт.
Што чакае грамадзян
Напярэдадні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка запэўніў, што ўвядзеньне ваеннага становішча не азначае абвяшчэньня вайны, і паабяцаў, што канстытуцыйныя правы грамадзян ня будуць абмяжоўвацца.
Кіраваньне краінаю будзе ажыцьцяўляцца ваеннай стаўкай на чале з прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам, а на месцах — вайсковымі адміністрацыямі.
Ва ўмовах ваеннага становішча ўлады могуць:
- выкарыстоўваць магутнасьці і працоўныя рэсурсы прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый усіх формаў уласнасьці для патрэб абароны;
- уводзіць камэнданцкі час;
- вызначаць асаблівы рэжым уезду і выезду, абмяжоўваць свабоду перамяшчэньня ўкраінцаў, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, а таксама рух транспартных сродкаў;
- правяраць дакумэнты ў грамадзян, а ў выпадку неабходнасьці праводзіць надгляд рэчаў, транспартных сродкаў, багажу і грузаў, службовых памяшканьняў і жыльля грамадзян;
- з абараняць правядзеньне мірных сходаў, мітынгаў, шэсьцяў і дэманстрацый, іншых масавых мерапрыемстваў. Таксама забараняецца правядзеньне выбараў, рэфэрэндумаў, забастовак і ўнясеньня зьменаў у Канстытуцыю. Невыкананьне патрабаваньняў прававога рэжыму ваеннага становішча цягне за сабой адказнасьць;
- можа абмяжоўвацца права на свабоднае перамяшчэньне, а таксама права ўласнасьці праз прымусовае адчужэньне маёмасьці фізычных і юрыдычных асобаў на патрэбы абароны. Што праўда, закон прадугледжвае кампэнсацыю за гэтыя дзеяньні.
У законе вызначана, што на час ваеннага становішча ня могуць абмяжоўвацца такія фундамэнтальныя правы чалавека, як права на жыцьцё, на павагу годнасьці, на свабоду і асабістую недатыкальнасьць, права на роўнасьць перад законам, права на жыльлё. Але ў тэкст указу аб увядзеньні ваеннага становішча могуць быць уключаныя ня ўсе нормы гэтага закону.