22 лістапада ў Маладэчанскім раённым судзе паставяць кропку ў гучным працэсе над чатырма супрацоўнікамі аддзелу Сьледчага камітэту і судмэдэкспэрту зь Мядзела.
Аднаго з падсудных, сьледчага Максіма Валеўку, абвінавачваюць у зьбіцьці жыхаркі Мядзела Вольгі Даўжук. Падчас сьледчых дзеяньняў ён двойчы ўдарыў пацярпелую міліцэйскай дубінкай, што прызнаў у судзе і папрасіў прабачэньня.
Пракурор просіць прызначыць Максіму Валеўку 6 гадоў зьняволеньня паводле артыкула, максымум па якім — 10 гадоў. У апошнім слове падсудны плакаў і казаў, што 6 гадоў часам даюць за забойства чалавека, а ён толькі ўдарыў два разы, бо «ня вытрымалі нэрвы».
Іншых супрацоўнікаў СК абвінавачваюць ва ўтойваньні ўчынку свайго калегі. Гэта начальнік аддзелу Сьледчага камітэту па Мядзелу Аляксандар Штура, ягоны намесьнік Міхаіл Сакалдынскі і з тым жа прозьвішчам супрацоўніца аддзелу Ганна Сакалдынская.
У апошнім слове яны прызналі віну часткова: пагадзіліся, што дапамагалі Валеўку пазьбегнуць адказнасьці, але сьцьвярджалі, што рабілі гэта не з кар’ерных інтарэсаў, а з пачуцьця сяброўства.
Судмэдэкспэрта Алену Кабіценку абвінавачваюць у тым, што яна дала фальшывае заключэньне аб прычыне цялесных пашкоджаньняў Вольгі Даўжук. Паводле яе экспэртызы, сьляды ад удараў, нанесеных сьледчым Валеўкам, ператварыліся ў сьляды ад падзеньня пацярпелай. «Не разлучайце мяне з дачкой», — са сьлязьмі прасіла Алена Кабіценка ў апошнім слове.
Пракурор прасіў для падсудных жанчын па 3 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай.
Якая роля КДБ у гэтай справе?
Паводле паказаньняў на судзе маці Вольгі Даўжук Алены Янукевіч, расьсьледаваньне пачалося толькі праз два месяцы — пасьля ўмяшаньня КДБ. А да таго моманту скаргі ў міліцыю і ў Сьледчы камітэт выніку не давалі.
«Раптам мяне выклікалі да дырэктара санаторыя, дзе я працую. А там ужо сядзелі два супрацоўнікі КДБ, якія папрасілі мяне распавесьці, што я ведаю па гэтай справе ад дачкі. Гэтак усё пачалося», — расказала на судзе Алена Янукевіч.
Прайшло некалькі дзён ад размовы маці пацярпелай з супрацоўнікамі КДБ, і падазроных сьледчых зь мядзельскага СК узялі пад варту. Адметна, што спачатку іх трымалі ў «амэрыканцы» — сьледчым ізалятары КДБ, а ўжо потым перавялі на «Валадарку», у менскі сьледчы ізалятар № 1. Ва ўправе КДБ праходзілі і допыты Алены Янукевіч як сьведкі па гэтай справе.
Паводле дадзеных з суду, расьсьледаваньнем справы і далей займаліся сьледчыя КДБ. Яшчэ адзін раз гэтая гучная назва магла прагучаць у апошнім слове падсуднага Максіма Валеўкі. Але прагучаў толькі намёк.
«Мушу папрасіць суд не зьвяртаць увагі на іншую сілу і структуру, якая стаіць за гэтай справай. Грунтуйцеся на ўласным меркаваньні», — казаў былы сьледчы СК.
Сваю ролю ў справе супрацоўнікаў мядзельскага СК у КДБ пакуль не афішуюць. «Давайце пагаворым пра гэта пасьля прысуду, пакуль без камэнтароў», — сказалі Свабодзе ва ўправе КДБ па сувязях з грамадзкасьцю ў адказ на пытаньне пра ролю КДБ у мядзельскай справе.