Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будуюць мэмарыял Галакосту: тэхніка нішчыць магілы, езьдзіць па касьцях і чарапах


Кожны год, 3 верасьня, пішу і нагадваю, распавядаю пра трагедыю Трасьцянца. Менавіта ў гэты дзень у 1944 годзе адбыўся першы жалобны мітынг і пахаваньне парэшткаў загінулых.

Ганна Багданава, гісторык

Менавіта гэты дзень мог бы стаць Днём памяці ахвяраў Трасьцянца і, магчыма, у будучыні стане адной з сумных датаў пэрыяду нацысцкай акупацыі.

Але сёньня падзялюся ўбачаным ва ўрочышчы Благаўшчына, дзе пачалося будаўніцтва мэмарыяла памяці!

Урочышча Благаўшчына — месца масавага зьнішчэньня людзей у ваколіцах Трасьцянца ў 1942-1943 гг. Гэта месца страшнай трагедыі, дзе людзей спачатку расстралялі або забілі газам, а празь некаторы час, раскапаўшы магілы, спалілі.... і забыліся. Забыліся надоўга, яшчэ і хацелі схаваць трагедыю пад пластом сьмецьця, зрабіўшы тут звалку!

Але памяць аб трагедыі жыла ў семʼях загінулых, хвалявала, а на паверхні зямлі пастаянна зьяўляліся касьцяныя астанкі, асабістыя рэчы, дзіцячыя чаравічкі... ці то чорныя капальнікі раскрадалі магілы, ці то сама зямля нагадвала пра трагедыю. І на самым вышэйшым узроўні было прынятае рашэньне аб стварэньні мэмарыяла.

І вось на месцы масавых пахаваньняў загулі маторы экскаватараў і трактароў. Яны зьнішчаюць абрысы магіл, западзіны, якія там утварыліся, душаць сваёй магутнасьцю астанкі загінулых, зьмешваючы іх зь пяском і сьмецьцем... Ці такая памяць патрэбная загінулым?

У будучыні тут зьявіцца «добры эўрапейскі мэмарыял памяці», але памяці фальшывай, якая задавальняе толькі ідэалягічны апарат. Няхай дзіцячыя чарапкі, раздушаны пад коламі гэтай ідэалёгіі, мучаць іх у начных жахах...

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG