Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВУП Беларусі за 2018 год перавысіў 100 мільярдаў


Ілюстрацыйнае фота. Зборка аўтамабіляў Geely на прадпрыемстве BelGee каля Жодзіна
Ілюстрацыйнае фота. Зборка аўтамабіляў Geely на прадпрыемстве BelGee каля Жодзіна

Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Беларусі вырас на 3,5% за студзень—кастрычнік 2018 году да аналягічнага леташняга пэрыяду, паведамляе Белстат. Адпаведна даручэньню Аляксандра Лукашэнкі прырост ВУП сёлета павінен скласьці ня менш за 3,5% у гадавым вымярэньні.

Валавы ўнутраны прадукт — макраэканамічны паказьнік, які адлюстроўвае рынкавы кошт выпушчаных тавараў і аказаных паслуг за год ва ўсіх галінах эканомікі.

У грашовым эквіваленце ВУП за першыя 10 месяцаў 2018 году склаў 100,6 мільярда рублёў. За кастрычнік ВУП павялічыўся на 11,83 мільярда рублёў.

Найбольшы ўнёсак у ВУП зрабілі:

  • апрацоўчая прамысловасьць — гэта 21,1% ад агульнай лічбы па краіне;
  • Менск і Менская вобласьць — 27% і 14,2% ад агульнай лічбы па краіне.

Сёлета ў красавіку МВФ палепшыў прагноз росту ВУП Беларусі ў 2018 годзе: 2,8% замест раней акрэсьленых 0,7%. Паводле прагнозу МВФ, у 2019 годзе ВУП Беларусі складзе 2,4%. Інфляцыю на 2018 год раней прагназавалі ня большай за 7,5%, цяпер — ня большай за 6%.

Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця чакае, што беларуская эканоміка ў 2018 годзе вырасьце на 3%. Усясьветны банк прагназуе рост ВУП на 2,9% у 2018 годзе, 2,7% — у 2019-м і 2,5% — у 2020 годзе.

​На 2018 год Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу росту ВУП на 3,5%. У 2017 годзе валавы ўнутраны прадукт вырас на 2,4%. Прагноз росту на 2017 год быў меншы — 1,7%. ВУП Беларусі падаў два гады запар: мінус 3,8% за 2015 год, мінус яшчэ 2,5% за 2016-ты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG