З 5 па 15 лістапада ў Менску працавала аглядная місія МВФ, мэта якой — падрыхтаваць штогадовы бягучы агляд эканамічнай сытуацыі, працягнуць кансультацыі з урадам Беларусі. Выснова працы місіі — у цэлым эканоміка Беларусі знаходзіцца ў стане ўстойлівага разьвіцьця, сказаў Жак Міньян, кіраўнік місіі МВФ у Беларусі. Пра новы крэдыт МВФ для Беларусі гаворка не ішла.
Прагназаваны рост ВУП — 3,7%, аднак эканоміка застаецца ўразьлівай
«На бягучы год мы прагназуем рост ВУП на 3,7%. Эканамічны рост ёсьць, эканоміка знаходзіцца ў працэсе аднаўленьня, — сказаў Жак Міньян. — Аднак ёсьць прынамсі тры фактары ўразьлівасьці эканомікі:
- вузкая база па экспартным фінансаваньні, істотная нафтагазавая залежнасьць ад Расеі,
- высокі ўзровень далярызацыі ў краіне,
- вялікая зьнешняя дзяржаўная запазычанасьць Беларусі.
Таму галоўная думка, якую мы падкрэсьліваем на ўсіх перамовах зь беларускімі ўладамі, — патрэбнае зьніжэньне фактараў уразьлівасьці эканомікі, і гэта неабходна рабіць як мага хутчэй».
Жак Міньян адзначыў, што асноўная парада МВФ для Беларусі — дамагчыся зьніжэньня дзяржаўнай запазычанасьці з 52% да 50% ВУП.
Разам з тым кіраўнік місіі МВФ назваў правільнай грашова-крэдытную палітыку Нацыянальнага банку і адзначыў, што патрэбна і далей зьніжаць узровень далярызацыі эканомікі і павышаць давер да нацыянальнай валюты.
«Неабходныя далейшая дэдалярызацыя эканомікі і структурныя рэформы»
Таксама МВФ раіць паскорыць разьвіцьцё прыватнага сэктару, а дзяржпадтрымку скарачаць.
«Што тычыцца дзяржпрадпрыемстваў, мы лічым, што праблемы дастаткова сур'ёзныя, патрэбныя больш эфэктыўныя захады. Праца павінна быць больш сыстэматычнай, і для пачатку можна было б правесьці ацэнку дзяржпрадпрыемстваў і падзяліць іх на 3 катэгорыі: жыцьцяздольныя, жыцьцяздольныя пры ўмове правядзеньня рэформаў і нежыцьцяздольныя. Ацэнку павінны праводзіць незалежныя экспэрты, каб выявіць маштабы праблемы», — сказаў кіраўнік місіі МВФ у Беларусі.
Беларусь новага крэдыту не прасіла
Раней Беларусь прасіла ў МВФ крэдыт у тры мільярды даляраў, аднак летам 2017 году перамовы былі спыненыя.
На пытаньне, ці будзе адноўленая крэдытная праграма да 2020 году, кіраўнік місіі МВФ сказаў, што запыту з боку афіцыйных органаў Беларусі на новую крэдытную праграму пакуль не было.
«Магчыма, яны лічаць, што зараз няма такой вострай патрэбы. Таму няма і нашай рэакцыі — мы можам рэагаваць толькі на запыты. У мінулым у МВФ былі пэўныя разыходжаньні з урадам Беларусі. Але цяпер мы глядзім у будучыню — Беларусі неабходныя структурныя рэформы», — сказаў спадар Міньян.
Тыдзень таму на Кастрычніцкім эканамічным форуме Жак Міньян адзначыў, што «ў Беларусі самы марудны рост эканомікі ў рэгіёне».