Жыхара гораду Івацэвічы Берасьцейскай вобласьці Ўладзіслава Сераду аштрафавалі на 367,5 рубля (15 базавых велічынь) за перапост у сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» інфармацыі пра акцыі анархістаў і «дармаедаў».
Такое рашэньне прыняў суд Кастрычніцкага раёну Горадні 16 кастрычніка.
Суд прызнаў Сераду вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (артыкул 17.11 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях Беларусі).
Згодна з пастановай суду, ён разьмясьціў тры забароненыя матэрыялы ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» летась увесну і ўлетку. Перапосты зь розных інфармацыйных рэсурсаў тычыліся акцый расейскіх анархістаў у падтрымку беларускіх, а таксама акцый супраць «дэкрэту аб дармаедах».
Уладзіслаў Серада прызнаў, што сапраўды разьмясьціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы гэтую інфармацыю. Аднак ён ня ведаў, што інфармацыя можа лічыцца экстрэмісцкай. Высьветлілася, што два апублікаваныя Серадой матэрыялы трапілі ў забаронены сьпіс ужо пасьля таго, як ён іх перапосьціў, а рэсурс, на якім знаходзіўся трэці матэрыял, ня быў заблякаваны.
Сваю віну ва ўчыненьні адміністрацыйнага правапарушэньня Серада не прызнаў.
Малады чалавек цяпер адбывае «хімію» ў Горадні за іншую справу. Яму засталося паўтара месяца да вызваленьня.
2 лістапада суд Кастрычніцкага раёну Горадні аштрафаваў на 612,5 рубля за «экстрэмізм» горадзенскага музыканта і журналіста Алеся Дзянісава.