Горадзенскага журналіста і музыканта Алеся Дзянісава аштрафавалі на 612,5 беларускіх рублёў (25 базавых велічынь) за «экстрэмізм». Адміністрацыйную справу разгледзеў суд Кастрычніцкага раёну Горадні 2 лістапада.
Суд прызнаў Дзянісава вінаватым у распаўсюдзе інфармацыі, унесенай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў (частка 2 артыкулу 17.11 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях Беларусі).
Падставай для адміністрацыйнай справы сталі два рэпосты ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» пра леташні ўдзел берасьцейскіх анархістаў у маршы дармаедаў. Паводле абвінавачваньня, перапосты былі зробленыя з забароненай старонкі анархістаў «Революционное действие» яшчэ 6 сакавіка 2017 году. На момант разгляду справы абодва відэа зьніклі са старонкі, хоць сам Дзянісаў іх не выдаляў.