Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінляндыя падазрае, што Расея перашкаджала працы GPS падчас вучэньняў NATO


Падчас вучэньняў NATO Trident Juncture у Нарвэскім моры. 25 кастрычніка 2018 году
Падчас вучэньняў NATO Trident Juncture у Нарвэскім моры. 25 кастрычніка 2018 году

Падчас нядаўніх вучэньняў NATO ў Паўночнай Эўропе ў навігацыйнай сыстэме GPS Фінляндыі адбыліся збоі, якія насілі наўмысны характар, і адказнасьць за гэта, магчыма, ляжыць на Расеі, заявіў прэм’ер-міністар Фінляндыі Юха Сіпіля, паведамляе фінская дзяржаўная тэлерадыёкампанія Yle.

Службы паветранай навігацыі Фінляндыі ў аўторак выпусьцілі папярэджаньне ў сувязі са збоямі GPS на поўначы краіны. У канцы кастрычніка, калі вучэньні NATO Trident Juncture пачаліся, Нарвэгія выпусьціла аналягічнае папярэджаньне пра страту сыгналаў GPS для пілётаў у сваёй паветранай прасторы.

«Магчыма, Расея была тым бокам, які ствараў перашкоды», — заявіў Юха Сіпіля.

​Ён дадаў, што Фінляндыя правядзе расьсьледаваньне, усьлед за якім зьявіцца адпаведная рэакцыя.

«Мы павінны зыходзіць з тых жа пазыцый, як і ў выпадку з парушэньнем паветранай прасторы. Калі падобнае фіксуецца, то на сытуацыю рэагуюць паводле пратаколу. Гэта ня жарты. Пад пагрозай апынулася паветраная бясьпека звычайных людзей», — сказаў прэм’ер.

Фінляндыя не ўваходзіць у NATO, але брала ўдзел у вучэньнях Trident Juncture, якія завяршыліся ў сераду і сталі найбуйнейшымі вучэньнямі заходняга вайсковага альянсу за апошнія дзесяцігодзьдзі. У вучэньнях ля межаў Расеі, на тэрыторыі, якая прасьціраецца ад Балтыйскага мора да Ісьляндыі, удзельнічалі вайскоўцы з 31 краіны.

Фінляндыя мае агульную мяжу з Расеяй працягласьцю 1340 кілямэтраў і складаную гісторыю стасункаў са сваёй суседкай. Апошнім часам Фінляндыя наладжвае больш шчыльныя сувязі з NATO, але устрымліваецца ад ўступленьня ў блёк у адпаведнасьці з традыцыяй, якая прадугледжвае адыход ад канфрантацыі з Расеяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG