Пакуль ва ўрочышчы Курапаты ідуць працы па добраўпарадкаваньні і канчатковым аздабленьні дзяржаўнага мэмарыяльнага знаку, а каля рэстарацыі «Поедем поедим» працягваюць стаяць пікеты з патрабаваньнем яго закрыць, разгараецца скандал вакол Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
Абаронцы Курапатаў асудзілі намер прадстаўнікоў таварыства ўзяць ахвяраваньні на праекты, зьвязаныя з Курапатамі, ад бізнэсоўца Леаніда Зайдэса, уласьніка рэстарацыі «Поедем поедим».
Старшыня таварыства Антон Астаповіч пацьвердзіў Свабодзе, што перамовы зь Леанідам Зайдэсам адбыліся і бізнэсмэн пагадзіўся аказаць фінансавую дапамогу ў рэалізацыі шэрагу праграмаў па мэмарыялізацыі Курапатаў.
«Перамовы зь Леанідам Зайдэсам вёў Юрась Меляшкевіч, ён быў упаўнаважаны. На будучым тыдні, верагодна, падпішам з Зайдэсам дамову аб спонсарскай дапамозе. Грошы, хутчэй за ўсё, прымем на наш рахунак, бо пакуль няма іншай партнэрскай арганізацыі», — сказаў Антон Астаповіч.
На пытаньне Свабоды, што Зайдэс папрасіў наўзамен за абяцаную фінансавую дапамогу, спадар Астаповіч адказаў, што «нічога».
«Гэта нармальная спонсарская дапамога грамадзкаму аб’яднаньню, якое жадае не стаяць там з плякацікамі, а рэальна працаваць на аб’екце», — дадаў Астаповіч.
Суму спонсарскай дапамогі ад Леаніда Зайдэса ён не назваў.
Вось на якія праекты, паводле кіраўніка Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, пойдуць грошы бізнэсмэна Леаніда Зайдэса:
- Пашпартызацыя курапацкіх крыжоў ды іншых аб’ектаў (на гэта трэба 6 тысяч рублёў).
- Аднаўленьне састарэлых крыжоў.
- Правядзеньне круглых сталоў па тэме рэпрэсій з удзелам прадстаўнікоў КДБ.
- Падрыхтоўка навучальных праграм па сталінскіх рэпрэсіях для школаў і ВНУ.
- Распрацоўка трох турыстычных маршрутаў па мясьцінах, зьвязаных з рэпрэсіямі: Курапаты, Яма, Трасьцянец.
Актывісты таварыства мяркуюць, што рэстарацыя «Поедем поедим» ці якая іншая ў гэтым будынку ўсё роўна застанецца, і таму змагацца трэба ня зь ёй, а за далейшую мэмарыялізацыю Курапатаў і асуджэньне рэпрэсій сталінскіх часоў.
«Гэта спроба раскалоць абаронцаў Курапатаў»
Пазыцыю Юрыя Меляшкевіча і Антона Астаповіча сустрэлі ў штыкі абаронцы Курапатаў, якія пяты месяц пікетуюць рэстарацыю «Поедем поедим».
Кіраўніца грамадзкай ініцыятывы «Абаронім Курапаты» Ганна Шапуцька, якая і сёньня стаяла каля рэстарацыі ў пікеце, назвала дамову таварыства зь Леанідам Зайдэсам «спробай унесьці раскол у пазыцыю грамадзкасьці, якая аднадушна дамагаецца закрыцьця рэстарацыі „Поедем поедим“».
Паводле Шапуцькі, яна спрабавала ўгаварыць Юрыя Меляшкевіча адмовіцца ад намеру браць грошы на Курапаты ў Леаніда Зайдэса, але марна. Таму і давялося вынесьці скандал на паверхню, кажа актывістка.
«Атрымліваецца, што адны стаяць тут, дамагаюцца закрыцьця рэстарацыі, якая была адкрыта незаконна, і гэта пацьвердзіла нават пракуратура, а другія ў іх за сьпінай дамаўляюцца пра грашовую кампэнсацыю. Мы не ўпаўнаважвалі Меляшкевіча і Астаповіча дамаўляцца з Зайдэсам, тым больш браць ад яго грошы, каб ён потым казаў, што ўдзельнічае ў мэмарыялізацыі Курапатаў, а з рэстаранам нібыта ўжо ўсё добра», — лічыць Шапуцька.
«Рэстаран павінен быць закрыты, гэта адзіная пазыцыя ня толькі абаронцаў Курапатаў, але і тых соцень людзей, якія прыходзілі ў Курапаты на мітынгі, — лічыць яшчэ адзін лідэр абаронцаў Курапатаў Павал Севярынец. — А з Зайдэсам можна гаварыць толькі на ўмовах, што ён закрые свой рэстаран».
Актывіст нагадаў, што праз збор грашовых сродкаў «рэалізоўваліся шмат якія ініцыятывы, у тым ліку зьвязаныя з Курапатамі».
«Вы хочаце адкрыць турыстычны маршрут? Калі ласка, давайце зьбяром грошы і дапаможам. Вы хочаце легалізаваць крыжы? Тое самае. Але як можна браць грошы ад Зайдэса, пакуль ён не зачыніў свой ганебны рэстаран? Калі Меляшкевіч і Астаповіч кажуць, што там з рэстаранам усе правільна, і гэтым фактычна легалізуюць „Бульбаш-хол“, дык гэта ўжо сюжэт пра 30 срэбранікаў ды пра тое, як іх лепш патраціць».
Архітэктар Аганаў: «Мы адразу рабілі помнік ахвярам палітычных рэпрэсій»
Што адбывалася 8 лістапада ва ўрочышчы Курапаты, дзе 6 лістапада ўсталявалі мэмарыяльны знак, які выйграў конкурс Міністэрства культуры?
На падыходзе да ўзвышша, дзе ўсталяваны знак, з боку рэстарацыі ўжо пачалі пракладаць пешаходную дарожку. Па маршруце дарожкі бульдозэрам зрыты слой зямлі, замест яе экскаватар засыпае жвір, па баках будаўнікі ўсталёўваюць драўляныя бардзюры.
Але галоўныя падзеі па-ранейшаму адбываюцца на «Галгофе». Там сёньня пачалі мантаваць пляцоўку пад сымбалічнай капліцай ды будаваць вакол яе драўляны насьціл.
Сярод будаўнікоў, зваршчыкаў ды іншых працаўнікоў каля знаку карэспандэнт сустрэў ягоных аўтараў — архітэктара Сяргея Аганава і скульптара Вольгу Нячай.
«Паколькі імёны ахвяр невядомыя, мы вырашылі выкарыстаць на помніку словы, якія вызначаюць сваяцкія сувязі, — патлумачыла Вольга Нячай. — Бо тут ляжаць нечыя сыны, дочкі, браты, маці, бацькі, сябры. На манумэнце розныя мовы, і ў тым ліку лацінка, таму што ў той час у Беларусі было 4 дзяржаўныя мовы: беларуская, расейская, польская ды габрэйская — ідыш».
Сяргей Аганаў сказаў, што канчатковае афармленьне мэмарыяльнага знаку будзе скончана за некалькі дзён.
«Зробленым мы як аўтары задаволеныя. Тут сёньня працуюць лепшыя майстры, робяць усё якасна. Што да канцэпцыі помніка, дык яна адпачатку была ў тым, каб не парушыць народнага мэмарыялу, які тут ужо склаўся, арганічна ў яго ўпісацца. І яшчэ вельмі важна, каб усе ведалі: мы адразу рабілі гэты знак менавіта як помнік ахвярам палітычных рэпрэсій 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Не ахвярам невядома чаго, а менавіта сталінскіх рэпрэсій. Ніхто з нас не хацеў бы жыць у тыя часы, і дзецям сваім мы гэтага не пажадаем, але памятаць пра той час і ягоных ахвяр трэба», — сказаў пра сваю працу архітэктар Сяргей Аганаў.
Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. Што важна ведаць
Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ
1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.
З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.
Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.
За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.
Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.
20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.
Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў
Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.
Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.
7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго
Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.
Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.