Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астаповіч: «Курапацкія крыжы трэба інвэнтарызаваць і зарэгістраваць у Міністэрстве культуры. Каб ня зьніклі»


Крыж «Пакутнікам Беларусі» ў Курапатах, архіўнае фота
Крыж «Пакутнікам Беларусі» ў Курапатах, архіўнае фота

Вядомы культуроляг і краязнаўца, старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Антон Астаповіч выступіў з ініцыятывай тэрмінова правесьці інвэнтарызацыю крыжоў ды іншых аб’ектаў, пастаўленых у Курапатах, ды ўзгадніць іх зь Міністэрствам культуры.

«У Курапатах у кожны момант могуць пачаць працы па ўсталяваньні помніка, ініцыяванага летась дзяржавай. І тыя аб’екты, якія там узьніклі у межах Народнага мемарыялу, падчас будаўніцтва могуць проста зьнікнуць. Яны цяпер пад пагрозай, бо ўсталяваныя без узгадненьня з уладамі», — сказаў Свабодзе Антон Астаповіч.

Антон Астаповіч, архіўнае фота
Антон Астаповіч, архіўнае фота

Антон Астаповіч патлумачыў, што будзе азначаць інвэнтарызацыя Курапатаў.

«Гэта дакладная прывязка кожнага аб’екта, кожнага крыжа, памятнага каменя, той жа лавы Клінтана на мапе. Фотафіксацыя з маштабнай лінейкай і нанясеньне на плян. Робіцца гэта з дапамогай прылады, якая дзейнічае як GPS-навігатар, але дае вельмі дакладную прывязку у сыстэме каардынатаў. На першым этапе мы плянуем праінвэнтарызаваць аб’екты на гэтак званай Крыжовай дарозе і Галгофе, каб аднесьці гэтыя дакумэнты ў Мінкульт на ўзгадненьне», — распавёў Антон Астаповіч.

Падчас акцыі памяці «Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах 30 кастрычніка 2017 году
Падчас акцыі памяці «Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах 30 кастрычніка 2017 году

Пры гэтым суразмоўца не выключае, што ў Мінкульце адмовяцца ўзгадняць крыжы ды іншыя аб’екты ў Курапатах.

«Закон ім гэта дазваляе, але нам трэба спадзявацца на лепшае і рабіць сваю справу», — кажа кіраўнік Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

«Лава Клінтана» ў Курапатах, архіўнае фота
«Лава Клінтана» ў Курапатах, архіўнае фота

Працы па інвентарызацыі Курапатаў плянавалася пачаць 24 верасьня, але праз моцны дождж іх давялося перанесьці, «бо апаратура ў моцны дождж можа спапсавацца».

У аўторак раніцай у Курапаты з GPS-трэкерам, фотаапаратам ды іншымі прыладамі зьбіраюцца прыйсьці актвісты Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры на чале зь Юрыем Меляшкевічам.

«Усёй працы ў Курапатах ня меней як на год, бо там усталяваныя тысячы крыжоў. Заўтра плянуем закончыць замеры на асноўных пляцоўках — на Галгофе і на Крыжовай дарозе, — сказаў Юры Меляшкевіч. — Яшчэ два-тры дні пойдзе на падрыхтоўку дакумэнтаў у Мінкульт. Такім чынам, у канцы тыдня плянуем падаць „Заяўку на ўзгадненьне элемэнтаў добраўпарадкаваньня і мэмарыялізацыі помніка ахвярам рэпрэсіяў Курапаты“».

Паводле Антона Астаповіча, яны ўжо атрымалі згоду на працы па інвэнтарызацыі крыжоў у Курапатах ад кіраўніка грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Курапаты Алеся Чахольскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG