Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША разглядаюць новы пакет санкцыяў супраць Расеі


Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША абвясьціў, што пачне кансультацыі з Кангрэсам па новых санкцыях супраць Расеі пасьля таго, як Масква ня выканала трохмесячнага тэрмiну выкананьня заканадаўства ЗША 1991 году аб папярэджаньні выкарыстаньня хімічнай зброі.

Першы пакет абмежаваньняў быў уведзены ў канцы жніўня 2018 году як рэакцыя ЗША на атручваньне ў Вялікай Брытаніі былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок». Тады Кангрэс ЗША даў Расеі тры месяцы для тлумачэньняў у сувязі з атручваньнем у Солсбэры і прадстаўленьня гарантый, што падобнае не паўторыцца.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Дэвід Тэсьлер удакладніў у інтэрвію ВВС, што цяпер ніякія дадатковыя абмежаваньні не ўводзяцца, але пачынаецца прапрацоўка наступных крокаў. Пра тое, якімі будуць гэтыя крокі, Дзярждэпартамэнт паведаміць пазьней. Але ўжо вядома, што другі пакет санкцыяў прадугледждвае жорсткія абмежаваньні. Сярод іх — забарона амэрыканскім банкам даваць крэдыты ўраду Расеі, калі гаворка не ідзе аб куплі харчаваньня.

Другім пакетам таксама прадугледжана магчымасьць замарожваньня дыпляматычных адносінаў паміж ЗША і ўрадам Расеі. Могуць быць забароненыя авіяперавозкі, якія ажыцьцяўляюць кампаніі, што знаходзяцца пад кантролем расейскага ўраду (у тым ліку расейскі «Аэрафлот»).

Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі абвінавачваюць расейскі ўрад у дачыненьні да нападу на Скрыпаля. Масква рашуча адмаўляе дачыненьне да атручваньня. Гэта ўзмацняе напружаньне ва ўжо і да таго няпростых стасунках паміж Расеяй і Захадам.

ЗША і Эўразьвяз ужо ўвялі дадатковыя санкцыі ў дачыненьні да Масквы, выслаўшы, у прыватнасьці, значную колькасьць расейскіх дыпляматаў. Расея зьвярнулася да люстраным мераў у дачыненьні да краінаў, якія далучыліся да гэтай кампаніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG