Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыйны ціск на Расею будзе ўрастаць, — адмысловы прадстаўнік ЗША па Ўкраіне


Курт Волкер, архіўнае фота
Курт Волкер, архіўнае фота

Як адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, гэтак і амэрыканскі Кангрэс робяць крокі з мэтай узмацненьня ціску на Расею, заявіў адмысловы прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША ў пытаньнях Украіны Курт Волкер у інтэрвію «Голасу Амэрыкі».

«Я перакананы, што ціск на Расею будзе расьці, — адзначыў спэцыяльны прадстаўнік ЗША. — Вы бачылі гэта і ад адміністрацыі ЗША: кожныя некалькі месяцаў уводзяцца новыя санкцыі з-за таго, што Расея не дасягае прагрэсу ні па якіх пытаньнях, па якіх мы выказалі сваю занепакоенасьць. Гэта ўключае Сырыю, гэта ўключае Украіну, гэта ўключае выкананьне правоў чалавека, справу Скрыпаля».

Санкцыі будуць узмацняцца, калі Расея ня зьменіць свае паводзіны, кажа Волкер.

«Мы ўводзім санкцыі пласт за пластом. Вы таксама бачыце ініцыятывы ад Кангрэсу. Да гэтага прымушаюць і паводзіны Расеі, як і жаданьне працягваць ціснуць на адміністрацыю. Відаць, што адбываецца рух з абодвух бакоў. Ён будзе працягвацца», — адзначыў амэрыканскі чыноўнік.

Ад 27 жніўня ўлады Злучаных Штатаў ўвялі ў дачыненьні да Расеі санкцыі праз атручэньне ў брытанскім Солсбэры ў сакавіку 2018 году былога палкоўніка вайсковай выведкі Расеі Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі. У прэамбуле да дакумэнту сказана, што Расея выкарыстала хімічную зброю ў парушэньне міжнароднага права наконт хімічных узбраеньняў супраць сваіх уласных грамадзянаў.

Санкцыі будуць дзейнічаць прынамсі год або да далейшага паведамленьня. Яны прадугледжваюць забарону прадаваць зброю і фінансаваць угоды ў галіне ўзбраеньня, адмову ад крэдытаваньня з боку дзяржаўных структураў ЗША і забарону экспартаваць тавары і тэхналёгіі двайнога прызначэньня. Уводзіцца забарона надаваць Расеі вонкавую дапамогу, акрамя тэрміновай гуманітарнай дапамогі і паставак харчаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG