Расеі пагражаюць новыя санкцыі Эўразьвязу ў сувязі з прымяненьнем нэрвова-паралітычнага рэчыва ў ангельскім горадзе Солсбэры, паведамляе газэта The Telegraph.
Адпаведны дакумэнт у панядзелак плянуюць падпісаць міністры замежных спраў ЭЗ. Абмежавальныя захады будуць скіраваныя супраць чыноўнікаў расейскай выведкі і іх паплечнікаў. Ім будзе забаронены ўезд у Эўразьвяз, а іхныя рахункі замарозяць.
Лёндан абвінавачвае расейскае кіраўніцтва ў арганізацыі атручваньня Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі. Паводле брытанцаў, замах учынілі агенты расейскай вайсковай выведкі пад прыдуманымі імёнамі Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава.
Выведніцкая група Bellingcat сьцьвярджае, што іх сапраўдныя імёны — Аляксандар Мішкін і Анатоль Чэпіга. У Крамлі адпрэчылі абвінавачаньні.
Пры канцы верасьня паведамлялася, што брытанскія ўлады высьветлілі асобу трэцяга падазраванага ў замаху на Скрыпалёў. Паводле зьвестак Лёндана, гэта афіцэр расейскай вайсковай выведкі, які прыехаў у Солсбэры да таго, як ягоныя меркаваныя калегі прывезьлі ў Вялікую Брытанію атрутнае рэчыва «Навічок».