У пасёлку Малая Бароўка на ўскраіне Магілёва мясцовы прадпрымальнік Уладзімер Пухоўскі нагадаў землякам пра грабароў, якія на пачатку 1930-х гадоў пракладалі чыгунку. На будоўлю наймаліся як беларусы, гэтак і ўкраінцы. Чыгунка мелася злучыць Магілёў з Чавусамі.
На аўтобусным прыпынку насупраць 44-й школы бізнэсовец разьмясьціў інсталяцыю з даведкай пра землякопаў, якія пракладалі чыгунку. Вырабіў яе Пухоўскі за свае сродкі.
«Моладзь і дарослыя мала цікавяцца падзеямі зь мясцовай гісторыі, а гэта кепска, бо на ёй трымаецца любоў да роднага краю, — тлумачыць ён сваю ініцыятыву. — Чакаючы аўтобуса ці маршруткі, яны дазнаюцца пра малавядомую старонку гісторыі. Мо знойдзецца сярод іх той, хто зоймецца гэтай тэмай».
У грабары беларускія сяляне ішлі, ратуючыся ад калектывізацыі, а ўкраінцы — ад галадамору на радзіме. Родныя Пухоўскага прыехалі ў Беларусь з Жытоміршчыны.
«Там быў голад страшэнны, і яны на кані паехалі ў Магілёў. У ваколіцах гораду цяпер шмат выхадцаў з Украіны, — кажа ён. — Іхныя родзічы, як і мае, беглі ад голаду. Мая бабця расказвала, як цяжка рабілі грабары на чыгунцы. Некаторыя паміралі».
Украінцы сяліліся сваёй грамадой у прыгараднай вёсцы Халмы. Насып пракладаўся побач зь ёю. Разам з мужчынамі звозілі грунт і жанчыны.
Пра тое, колькі грабароў рабілі на чыгунцы, зьвестак няма. Гэта прызналі ў музэі гісторыі Магілёўскага аддзяленьня Беларускай чыгункі.
У гарадзкіх музэях параілі шукаць дакумэнты пра гэты гістарычны эпізод у вайсковых архівах, таму што будоўлю чыгункі кантралявалі вайсковыя ведамствы.
Летась Уладзімер Пухоўскі быў адным з ініцыятараў усталяваньня ў Малой Бароўцы памятнага знаку Максіму Багдановічу. У пасёлку ёсьць вуліца, названая ў гонар паэта. Грошы на памятны знак пасялкоўцы сабралі талакою.