Удзельнікі ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» наведалі месцы масавых расстрэлаў. Таксама актывісты усталявалі крыжы з надпісамі пра трагедыю 1930-х гадоў каля перапахаваньняў парэштак расстраляных.
Больш не «ахвяры вайны»
Паводле распараджэньня Мазалаўскага сельсавету, парэшткі ахвяраў сталінізму, знойдзеныя ў 2014-м годзе ў навакольлях вёскі Хайсы, перапахавалі як «ахвяраў вайны» на брацкіх могілках каля станцыі Лужасна. Ян Дзяржаўцаў, дасьледчык сталінскіх рэпрэсій пад Віцебскам, вырашыў спыніць гэтую недарэчнасьць.
«На месцы перапахаваньня мы ўсталявалі крыж з надпісам „Ахвярам сталінскіх рэпрэсій“. Кожны, хто ўбачыць яго, задумаецца: чаму ахвяры сталінізму пахаваныя разам з загінулымі падчас Вялікай Айчыннай вайны? Таму, што ініцыятары перапахаваньня ўзялі грэх на душу, схлусілі нашчадкам! Наша задача — выправіць несправядлівасьць», — лічыць актывіст.
Два крыжы над адной магілай
З ініцыятывы Яна Дзяржаўцава, крыж з такой самай шыльдай быў усталяваны і на ўскрайку могілак у вёсцы Мазалава: там перапахавалі парэшткі, знойдзеныя каля Хайсоў пазьней, у 2017-м годзе. 22 труны з косткамі закапалі сёлета на гліністым схіле пад крыжам зь няўцямным надпісам — проста «Ахвярам», не вядома, якога часу і якіх падзеяў.
Улады абяцалі, што па сканчэньні экспэртызаў, калі высьветліцца праўда, на гэтым месцы будзе памятны знак адпаведнага зьместу. Але час ідзе, а праўду пра сталінскія расстрэлы ў гэтых мясьцінах па-ранейшаму хаваюць.
Удзельнікі ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» запісалі на відэа сьведчаньні мясцовых старажылаў, якія памятаюць расстрэлы ў лесе каля вёскі, і перадалі іх раённым уладам. Аднак гэтага аказалася недастаткова, каб засьведчыць асобны статус гэтых мясьцін. Актывісты працягваюць уласныя пошукі, што да лёсаў рэпрэсаваных землякоў.
Трэба адчыніць архівы, каб людзі маглі пакаяцца і памірыцца
У «расстрэльным» лесе ёсьць некалькі крыжоў зь імёнамі загінулых. Вядома, што больш за 100 чалавек былі расстраляныя пад Віцебскам у ноч з 3-га на 4-га лістапада 1937-га году. Сярод іх — шэраг знакамітых мастакоў, талентам якіх не было суджана расквітнець у поўную сілу, прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі і простыя гараджане.
Менавіта гэты дзень актывісты ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» вырашылі абвясьціць традыцыйным памінальным днём ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
Сёньня тут маліліся і за супакой душаў забітых, і за пакаяньне іхных катаў. У невялікім казаньні да прысутных ксёндз Вячаслаў Барок гаварыў пра неабходнасьць адчыніць архівы КДБ, але ня дзеля помсты. Гэта варта зрабіць дзеля пакаяньня, замірэньня і магчымасьці перагарнуць нарэшце гэтую страшную старонку гісторыі.