Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка расказаў, што будзе «падарункам народу» на 7 лістапада


Аляксандар Лукашэнка ў час візыту на Віцебскі футравы камбінат
Аляксандар Лукашэнка ў час візыту на Віцебскі футравы камбінат

Ці мадэрнізацыя Віцебскага футравага камбінату гэта падарунак ад яго асабіста, ён не ўдакладніў. Акрамя гэтага падарунку да 7 лістапада Беларусь чакае завяршэньне ўборачнай кампаніі.

Падчас наведваньня Віцебскага футравага камбінату 2 лістапада Аляксандар Лукашэнка заявіў, што мадэрнізацыя прадпрыемства «зьяўляецца падарункам народу да 7 лістапада», піша БелТА.

У рэканструкцыю прадпрыемства ўклалі 24 млн даляраў. Лукашэнка пажартаваў, што генэральнаму дырэктару камбінату варта даць званьне «Герой Беларусі», а затым сур’ёзна даручыў «правесьці праверкі» («ці ёсьць да яго пытаньні», «каб потым не казалі, што там карупцыянэры»), каб даць яму якую-небудзь узнагароду.

Лукашэнка дадаў, што «ён сам, чальцы ўраду і іншыя службовыя асобы павінны паказаць людзям, што зроблена за мінулы год, да 7 лістапада».

Раней Лукашэнка даручаў да гэтага дня завяршыць уборачную кампанію (так жа ён рабіў у мінулым годзе, нават перанес на 7 лістапада ўжо прызначаную прэм’ерам дату завяршэньня пасяўной — але тады да прызначанай Лукашэнкам даты не пасьпелі ўбраць ураджай).

Акрамя таго, Лукашэнка даручаў да 7 лістапада завяршыць будаўніцтва новага моста цераз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне — у канцы мінулага году мост даў трэшчыну. Аварыйны мост на Менскай кальцавой дарозе таксама абяцалі адрамантаваць да 7 лістапада, але казалі, што гэта проста супадзеньне.

Сьвяткаваньне 7 лістапада, Гомель, 2017 год
Сьвяткаваньне 7 лістапада, Гомель, 2017 год

Беларусь застаецца апошняй краінай былога СССР, у якой Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі адзначаецца як дзяржаўнае сьвята (таксама адзначаюць у непрызнаных «ДНР», «ЛНР» і «ПМР»).

На нядаўнюю пэтыцыю з просьбай перанесьці выходны зь 7 лістапада на 2-га, калі каталікі прыгадваюць продкаў, Міністэрства працы заявіла, што «Гісторыя пацьвярджае значнасьць ідэалаў Вялікай кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG