ВУП вырасьце ў 2018 годзе на 4%, у 2019-м – на 3,1%. Інфляцыя не перавысіць у 2018 і 2019 гадах 5,5%. Такія лічбы названыя ў справаздачы World Economic Outlook.
Яшчэ ў красавіку Міжнародны валютны фонд прагназаваў, што рост валавога ўнутранага прадукту Беларусі складзе ў 2018 годзе 2,8%, у 2019-м — 2,4%. Інфляцыю раней прагназавалі роўнай 6% за 2018 год.
Прагноз інфляцыі на 2018 год ад МВФ супаў з такім ад беларускага Нацбанку. А па ВУП прагноз МВФ аказаўся нават больш аптымістычным за прагноз ад уладаў Беларусі — яны чакаюць рост толькі на ўзроўні, ня меншым за 3,5% за 2018 год.
У 2017 годзе ў Беларусі была самая нізкая інфляцыя за ўсю гісторыю — «усяго толькі» 4,7%.
З пачатку году да жніўня інфляцыя ўжо склала 2,9%, найбольш цэны расьлі ў студзені–сакавіку. Такім чынам Беларусь заняла чацьвёртае месца ў росьце спажывецкіх цэнаў на тэрыторыі былога СССР. На першых месцах Узбэкістан (6,2%), Украіна і Эстонія (па 3,6%). Столькі ж было ў Казахстане.
ВУП за студзень–жнівень 2018 году вырас да гэтага ж пэрыяду мінулага году на 3,7%, і гэта ўжо вышэй за гадавы прагноз уладаў (упаў толькі ў сельскай гаспадарцы, але адразу на 4,3% — у астатніх галінах вырас або не зьмяніўся).