Іран выконвае ўмовы «ядзернага пагадненьня», а значыць эўрапейскія кампаніі могуць гандляваць зь ім бяз рызыкі з боку амэрыканскіх санкцыяў. Так лічыць вярхоўны дыплямат Эўразьвязу Фэдэрыка Магерыні, паведамляе Deutsche Welle.
Эўрапейскі Зьвяз зьбіраецца стварыць спэцыяльны фінансавы інстытут, задачай якога будзе зьяўляцца забесьпячэньне фінансавых апэрацый з Іранам у абыход амэрыканскіх санкцыяў. Пра гэта 25 верасьня заявіла вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў пытаньнях зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі Фэдэрыка Магерыні.
Заява прагучала ў Нью-Ёрку пасьля сустрэчы Магерыні з прадстаўнікамі Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны, Расеі, Кітаю і Ірану. Гэтыя краіны прытрымліваюцца думкі, што Тэгеран выконвае ўмовы «ядзернага пагадненьня», аб выхадзе зь якога ў аднабаковым парадку заявілі ЗША. Новы інстытут дазволіць эўрапейскім кампаніям уступаць у эканамічныя адносіны з Іранам бяз рызыкі наклікаць на сябе санкцыі Вашынгтону.
Пагадненьне, падпісанае ў 2015 годзе Вялікай Брытаніяй, Нямеччынай, Кітаем, Расеяй, Францыяй і ЗША з аднаго боку і Іранам — з другога, прадугледжвала зьняцьце з Тэгерану эканамічных санкцый ЗША і Эўразьвязу наўзамен на згортваньне іранскімі ўладамі ядзернай праграмы.
У пачатку траўня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб выхадзе ЗША зь ядзернага пагадненьня. Потым Вашынгтон пашырыў санкцыі супраць Ірану і запатрабаваў ад дзяржаў-саюзьнікаў спыніць купляць у яго нафту пад пагрозай санкцыяў у дачыненьні да кампаній-закупнікоў.
Іран у адказ паскардзіўся ў Міжнародны суд ААН, а таксама абвясьціў, што калі экспарт іранскай нафты будзе заблякаваны, то ён перакрые пастаўкі нафты на міжнародны рынак праз Армузскі праліў. Праз гэты праліў ідзе каля 20 адсоткаў усяго сусьветнага экспарту нафты.