Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр гурту Dzieciuki паскардзіўся ў пракуратуру на незаконны допыт ягонай непаўналетняй дачкі


Алесь Дзянісаў
Алесь Дзянісаў

Дачку лідара музычнага гурту Dzieciuki Алеся Дзянісава па тэлефоне дапытаў мужчына, які прадставіўся ўчастковым.

Паводле журналіста, міліцыянт «паводзіў сябе груба, бесцырымонна, спалохаў яе; размова зь ім выклікала ў дачкі шок». Дзянісаў назваў гэта ціскам на яго і ягоную сям’ю.

Пра выпадак Дзянісаў напісаў на сваёй старонцы ў Facebook.

29 верасьня на хатні тэлефон Дзянісавых у Горадні нехта пазваніў. Алеся з жонкай не было дома. На тэлефанаваньне адказала іхная 16-гадовая дачка Дар’я.

Як пераказвае Дзянісаў, чалавек прадставіўся ўчастковым, але не называў свайго прозьвішча і званьня. Ён запытаўся ў дзяўчыны, дзе знаходзіцца бацька, і паведаміў, што ў дачыненьні Алеся Дзянісава завялі крымінальную справу нібыта за разьмяшчэньне інфармацыі ў сацыяльнай сетцы «УКантакце». Раней пра такую крымінальную справу Дзянісава ніхто не інфармаваў.

«Допыт, а інакш я не магу расцэньваць такі „збор інфармацыі“, маёй непаўналетняй дачкі працягваўся больш за 10 хвілінаў і насіў цяжкі характар — чалавек, які размаўляў з маёй дачкой, паводзіў сябе груба, бесцырымонна, спалохаў яе; размова зь ім выклікала ў маёй дачкі шок», — піша Алесь Дзянісаў.

Алесь Дзянісаў, архіўнае фота з канцэрту гурту Dzieciuki
Алесь Дзянісаў, архіўнае фота з канцэрту гурту Dzieciuki

Ён не разумее, навошта неабходная была такая гутарка, калі да гэтага часу ніхто з праваахоўных органаў не выходзіў зь ім на сувязь, не апавяшчаў пра заведзеныя крымінальныя справы, не выклікаў на допыт ці гутарку.

Журналіст расцэньвае такія паводзіны супрацоўніка праваахоўных органаў як спосаб аказаць на яго і ягоную сям’ю псыхалягічны ціск, пазбавіць яго і блізкіх людзей спакою з мэтай перашкодзіць ягонай культурнай дзейнасьці ў якасьці музыканта групы Dzieciuki.

Дзянісаў 2 кастрычніка напісаў заявы ў абласную і гарадзкую пракуратуру, а таксама ў раённы аддзел міліцыі Горадні з просьбай праверыць гэтыя факты і даць ацэнку дзеяньням супрацоўніка міліцыі, які не назваў сябе.

Алесь Дзянісаў таксама мяркуе, што на ягоных старонках у сацыяльных сетках няма нянавісьці, гвалту, рэпостаў порна.

У канцы ліпеня дома ў Алеся Дзянісава і ягонага калегі адбыліся ператрусы. З чым менавіта гэта было зьвязана, Дзянісаў ня ведае. Тады міліцыянт паведаміў, што праводзіцца апытаньне ў межах праверкі. Пра заведзеную крымінальную справу не паведамляў. Журналіст тады адмовіўся даваць паказаньні, таму, мяркуе, ніякіх дакумэнтаў яму не паказалі. У яго канфіскавалі тэхніку: відэакамэру, ноўтбук, мабільны тэлефон, флэшкі да відэакамэры. Тэхніку дагэтуль не вярнулі. Падчас ператрусу маці Дзянісава, якая жыве побач зь імі і ў якой таксама праводзілі ператрус, стала блага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG